У Беларусі захоўваецца стабільнасць на валютным і фінансавым рынках, паведаміў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў падчас справаздачы ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб выніках працы эканомікі за 2017 год і задачах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага росту, перадае БЕЛТА.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што ў 2017 годзе кампенсавана адставанне 2016 года. «Зайшлі ў прагнозны калідор пяцігадовай праграмы па 11 асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны з 13. Не выконваюцца два — па тэмпах росту рэальных даходаў насельніцтва (адставанне на 0,6 працэнтнага пункта) і аб'ёме будаўніча-мантажных работ (на 1,1 працэнтнага пункта)», — растлумачыў прэм'ер-міністр.

Такім чынам, эканоміка развіваецца ў цэлым у адпаведнасці з асноўнымі параметрамі праграмы на 2016—2020 гады. Пры гэтым захоўваецца стабільнасць на валютным, крэдытна-дэпазітным і фінансавым рынках. «У поўным аб'ёме і ва ўстаноўлены тэрмін разлічыліся па валютных забавязаннях. Бюджэт у 2017 годзе выкананы з прафіцытам (Br2,8 млрд), які накіраваны на пагашэнне часткі замежнага доўгу», — сказаў Андрэй Кабякоў.

«Усе сацыяльныя абавязацельствы выкананы пры захаванні рэжыму жорсткай эканомікі. Галоўная выснова — мы жывём па сродках», — рэзюмаваў кіраўнік урада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0