Намеснік начальніка Вілейскага РАУС Андрэй Дударчык расказвае, што паведамленне пра апаганьванне магіл паступіла раніцай 7 верасня. Само здарэнне, па дадзеных міліцыі, адбылося напярэдадні ўвечары ці ў ноч на 7 верасня. Усяго было пашкоджана 25 магіл.
Былі разбітыя помнікі, надмагільныя пліты, медальёны, паваленыя крыжы, у некаторыя магілы ўваткнутыя драўляныя калы.
Калі пачалі выясняць сітуацыю, супастаўляць усе за і супраць, высветлілася, што
падазронымі могуць быць трое дзяцей 9, 10 і 11 гадоў, ‑‑ гаворыць ён. — Але пакуль што дасканала і доўга будзе праводзіцца праверка. Па законе, мы павінны прыняць рашэнне на працягу дзесяці дзён. Але, калі будзе неабходнасць, прадоўжым расследаванне — пакуль не дойдзем да праўды.
«Часцей за ўсё такое робяць п’яныя падлеткі або дзеці, ‑‑ лічыць намеснік начальніка Вілейскага РАУС. — Памятаю выпадак, калі ўжо досыць даўно дзеці 11—13 гадоў зрабілі пагром могілак у Маладзечне. Ці гэта яны так сваволілі, ці наглядзеліся фільмаў — хто яго ведае, усялякае бывае ў галовах».
Паводле Андрэя Дударчыка, у якасці рэчавых доказаў па справе праходзяць сякера, малаток.
«Ад такіх прыстасаванняў помнікі з крошкі лёгка расколваюцца, ‑‑ лічыць ён. — Тут не трэба вялікая сіла».
Жыхарка пасёлка Партызанскі Алена Іванец расказала, што на могілках у Мардасах у яе пахаваныя бацька, дзед і бабуля.
«Усё лета мы рабілі рамонт на могілках: залівалі кветнікі, бардзюры, укладвалі плітку, ‑‑ апавядае яна. — У нядзелю муж таксама паехаў туды і пазваніў мне. Калі я прыехала, у мяне язык не паварочваўся ад усяго пабачанага. Бабулін помнік быў разбіты, татаў разбіць не змаглі, бо быў навейшы, дык павалілі. Хутчэй за ўсё пачыналі з нашых магіл, бо менавіта там схаваныя пад плёнкай інструмэнты. Усё што мы рабілі на працягу лета, цяпер трэба аднаўляць. Ужо заказалі новы помнік . (…) Усе гавораць, што гэта мясцовыя дзеці. Гады чатыры таму мясцовыя падлеткі былі павыкідалі кветкі, паразбівалі вазы, але каб такое!
Каб узяць лом і уваткнуць у свежую магілу, закінуць крыж на дрэва! Не ведаю, ці гэта ўсё зрабілі адныя дзеці, бо бацькаў помнік быў вырваны разам з надгробнікам.Гэта якую сілу трэба было мець?»
«Гэта дзікунства нейкае, ‑‑ лічыць настаяцель прыходу ў пасёлку Партызанскі, да якога адносяцца Мардасы, айцец Міхаіл Стацюк. — Проста ў галаве не ўкладваецца. Могілкі — гэта свяшчэннае месца. Людзі заўсёды стараюцца неяк упрыгожыць месца пахавання, узнесці на ім малітву.
Могілкі ва ўсе часы паказвалі твар народу, яго адносіны да продкаў».