Незвычайную гісторыю распавяла віцебскі палітык Вольга Карач. У фэйсбуку яна пакінула каментар з гісторыяй пра мясцовага лідара БНФ, які гразіўся выразаць крыж на лбе суседкі.
«Наша Ніва» звязалася з Вольгай Карач, каб высветліць дэталі кранальнай гісторыі. Па словах Карач, той выпадак адбыўся яшчэ напрыканцы 1990-х.
У той час лідарам абласной арганізацыі БНФ «Адраджэнне» быў Васіль Шалухін. Карач пацвердзіла, што гісторыя тычыцца менавіта яго.
«Там яны з суседкай штосьці дзялілі на лецішчы — ці то нейкую мяжу не маглі правесці, ці то вырашалі, дзе паставіць плот», — пераконвае Карач.
Сам Шалухін цяпер на пенсіі, ад грамадскай і палітычнай дзейнасці ён даўно адыйшоў.
«У гэтай гісторыі хтосьці штосьці наблытаў: ці то тая бабуля, ці то сама Вольга Карач, — паведаміў «Нашай Ніве» Васіль Шалухін. — Па-першае, канфліктаў з суседзямі ў мяне не было ніколі. А мяжу дзяліць увогуле не было з кім. А па-другое, я б сабе не дазволіў такі выраз пра крыж на лбе нават на эмоцыях!».