Супрацоўнікі чыгуначнай міліцыі на Беларускім вакзале Масквы затрымалі праваднікоў цягніка «Берасьце — Масква» беларускага фармаваньня, піша сайт REGIONS.RU.

25 жніўня ў тамтэйшае аддзяленьне зьвярнуўся масквіч. У заяве ён расказаў гісторыю, вартую кінасцэнара.

Такім чынам, 23 жніўня небараку спатрэбілася даехаць да Вязьмы — па часе і адлегласьці гэта як ад Менску да Воршы, — але ўсе квіткі былі ўжо прададзеныя. Тады ён вырашыў падысьці да начальніка цягніка на Берасьце, каб той яму дазволіў пад’ехаць за наяўныя грошы.

Калі начальнік цягніка адмовіў, мужчына не разгубіўся й дамовіўся з праваднікамі дванаццатага вагону за 250 рублёў (гэта каля 21 тысячы беларускімі). Пасьля таго, як цягнік ад’ехаў, масквіч падышоў да праваднікоў і працягнуў ім купюру ў адну тысячу расейскіх рублёў.

Замест рэшты, паводле заявы пацярпелага, праваднікі пірхнулі яго некалькі разоў у грудзі, а пасьля ўсунулі швабру й загадалі прыбіраць вагон. Масквіч хацеў быў выклікаць міліцыю, ды за гэта праваднікі адабралі ў яго дакумэнты, сотавы тэлефон і 5 тысяч рублёў.

На першым жа прыпынку ў Мажайску, амаль празь дзьве гадзіны нягодаў, мужчына паспрабаваў выйсьці прэч, але пакуль цягнік стаяў, праваднікі яго з вагону не пускалі, затое калі састаў рушыў, выкінулі яго проста на плятформу.

Небарака ў дадатак да ўдараў грудной клеткі атрымаў страсеньне галаўнога мозгу.

Маскоўскія сьледчыя ўсчалі крымінальную справу за рабаўніцтва з прымяненьнем гвалту, дачакаліся зваротнага рэйсу й 25 жніўня арыштавалі двух беларусаў — маладзёнаў 23 і 25 гадоў.

Ім выставілі абвінавачаньне й кінулі ў вязьніцу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?