Сёння — апошні дзень збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Збор подпісаў пачаўся 23 ліпеня. 

Здаць сабраныя подпісы ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі ініцыятыўныя групы павінны да 19.00 21 жніўня. 

На гэты час пра збор 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, заявілі пяць прэтэндэнтаў — Аляксандр Лукашэнка, Сяргей Гайдукевіч, Сяргей Калякін, Таццяна Караткевіч і Віктар Цярэшчанка. 

Анатоль Лябедзька напярэдадні прызнаў, што яго групе не ўдалося сабраць 100 тысяч подпісаў. «Вядома, маглі сабраць, але мы пайшлі на эксперымент, арганізаваўшы выключна валанцёрскую кампанію. І мы зараз ведаем людзей, якія пойдуць на ўсё, таму што ў іх ёсць перакананні», — сказаў старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі 20 жніўня на пікеце «За сумленныя свабодныя выбары!». «Калі б гэта былі выбары, то мы б уключылі і фінансавы складальнік і сабралі», — дадаў ён. 

Па ўсёй бачнасці, не атрымаецца сабраць неабходную колькасць подпісаў і ініцыятыўнай групе Сяргея Калякіна. 

Жанна Раманоўская дагэтуль не паведамляла пра колькасць сабраных подпісаў, аднак, калі ўлічыць малалікасць яе ініцыятыўнай групы і малавядомасць самой прэтэндэнткі, відавочна, што яна таксама выбывае з прэзідэнцкай кампаніі. 

Паводле каляндарнага плана ЦВК, рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты павінна прайсці з 6 па 15 верасня. Аднак, як заяўляла кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, разгледзець пытанне пра рэгістрацыю кандыдатаў ЦВК плануе на пасяджэнні 10 верасня. Пасля атрымання адпаведных пасведчанняў кандыдаты ў прэзідэнты змогуць пачаць перадвыбарную агітацыю. 

Пятыя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пройдуць 11 кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?