Жанр: фантастыка, баявік, прыгоды
Рэжысёр: Джос Уідан
У ролях: Роберт Даўні-малодшы, Крыс Хемсварт, Крыс Эванс, Скарлет Ёхансан, Марк Руфала, Джэрэмі Рэнер, Ааран Тэйлар-Джонсан, Элізабет Олсен, Джэймс Спейдэр, Сэмюэл Л. Джэксан
ЗША, 141 хв.
Адзнака: 8

Каманда Мсціўцаў — незалежная арганізацыя, якая абараняе чалавецтва, — падчас палявання на зламыснікаў з «Гідры» знаходзіць штучны інтэлект, замураваны ў камень. Каб «ажывіць» яго і скарыстаць у праекце «Альтрон», створаным для абароны Зямлі ад любых пагроз, вынаходнік Тоні Старк і навуковец Бэнер (Халк) з дапамогай робата Джарвіса запускаюць эсперымент.

Так нараджаецца Альтрон — магутны штучны інтэлект. Нечакана ён вырашае, што галоўнай пагрозай для Зямлі з’яўляецца само чалавецтва. Толькі аб’яднаўшыся і падключыўшы ўсе магчымыя сілы, Мсціўцы змогуць распачаць бітву з Альтронам, каб выратаваць людзей ад знішчэння.

Адзінаццаты фільм кінематаграфічнага сусвету Marvel заснаваны на аднайменных коміксах і з’яўляецца сіквелам «Мсціўцаў» (2012).

Да ўжо вядомай каманды (Жалезны чалавек (сапраўднае імя — Тоні Старк), Капітан Амерыка (Стыў Роджарс), Халк (Брус Бэнер), Сакалінае вока (Клінт Бартан), Чорная ўдава (Наташа Романаф)) на чале з Нікам Ф'юры далучаюцца мутанты П’етра (Ртуць) і Ванда (Чырвоная вядзьмарка) Максімаф. Іх ролі выканалі Элізабет Олсен і Ааран Тэйлар-Джонсан, якія для падрыхтоўкі прачыталі ўсе нумары комікса «Marvel Ultimates», дзе фігуравалі іх персанажы. Сюжэт стужкі адыходзіць ад падзей, прапанаваных у коміксе «Эра Альтрона» 2013-га года: там Альтрон быў стварэннем доктара Піма (Чалавек-мурашка). У фільме ён створаны вынаходнікам Тоні Старкам.

Ролю галоўнага злодзея Альтрона выканаў Джэймс Спейдэр, які быў абраны з-за яго «гіпнатычнага голасу, які можа быць страшна спакойным і пераканаўчым і ў той жа час простым і смешным», па вызначэнні рэжысёра Джоса Уідана.

Здымкі фільма адбываліся ў Паўднёвай Афрыцы, Вялікабрытаніі, Італіі і Паўднёвай Карэі. На здымках эпізодаў у Сеуле былі скарыстаныя ўнікальныя дроны і машыны на дыстанцыйным кіраванні,

якія дазволілі здымаць сцэны з неверагодных ракурсаў, не даступных ні аператарам, ні верталётам. Прадзюсары запрасілі карэйскіх спецыялістаў па пілатаванні дронаў і дыстанцыйных аўтагонках Пака Мін Ке і Ментру Па.

Захапляльны сюжэт, відовішчнасць і гумар заўжды адрознівалі фільмы студыі Marvel, і новыя «Мсціўцы» не выключэнне. Стужка спадабаецца аматарам экшну і фантастыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?