Аляксандру Мілінкевічу і Таццяне Шчытцовай афіцыйна паведамлена пра тое, што яны не прайшлі па конкурсе на пасаду рэктара.
Прызначэнне на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) амерыканца Дэвіда Поліка афіцыйна пацверджана. Гэта вынікае з ліста міжнароднай рады кіраўнікоў ЕГУ, які атрымалі лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч і прафесар ЕГУ Таццяна Шчытцова — прэтэндэнты на пасаду рэктара.
Мілінкевічу і Шчытцовай афіцыйна паведамілі аб тым, што яны не прайшлі па конкурсе на пасаду рэктара. Пра гэта Таццяна Шчытцова паведаміла БелаПАН, а Аляксандр Мілінкевіч — напісаў у «Фэйсбуку». Паведамленне падпісана старшынёй кіруючай рады Даніэлем Таршысам і віцэ-старшынёй Дэнам Дэвідсанам.
У лісце таксама паведамляецца, што рада кіраўнікоў рэкамендавала, а агульны сход заснавальнікаў пацвердзіў прызначэнне прафесара Дэвіда Поліка ў якасці новага рэктара ЕГУ.
Афіцыйна пра гэта прызначэнне будзе абвешчана найбліжэйшым часам.
Прэтэндэнтам на пасаду рэктара выказваюць падзяку за ўдзел у інтэрв'ю ў межах конкурсу на гэтую пасаду, а таксама за «канструктыўныя ідэі, прадстаўленыя падчас гутаркі адносна развіцця ЕГУ і яго глыбейшай інтэграцыі ў еўрапейскую і беларускую адукацыйную прастору».
Афіцыйна пра абранне новага рэктара ЕГУ не абвешчана дагэтуль, хоць агульны сход заснавальнікаў, які ўхваліў кандыдатуру Поліка, адбыўся 3 красавіка.