Унук брытанскай каралевы Лізаветы II прынц Уільям прыняты на працу ў кампанію, якая адказвае за дзейнасць верталётаў хуткай дапамогі ва Усходняй Англіі. Пра гэта паведамілі 30 сакавіка у Кенсінгтонскім палацы — афіцыйнай рэзідэнцыі герцага і герцагіні Кембрыджскіх.

EPA

EPA

«Прынц Уільям пачаў прафесійную дзейнасць у якасці супрацоўніка кампаніі Bond Air Services, — гаворыцца ў гэтай заяве. — На працягу бліжэйшых месяцаў ён будзе праходзіць дадатковае навучанне перад тым, як пачаць самастойныя палёты ў якасці пілота паветранай хуткай дапамогі ва Усходняй Англіі».

Паведамляецца, што абавязковая падрыхтоўка ўключае ў сябе працу на лётным трэнажоры, а таксама палёты сумесна з інструктарам. У канцы лютага Уільям завяршыў паўгадавое навучанне, каб стаць ліцэнзаваным пілотам верталёта хуткай дапамогі, для чаго прынцу спатрэбілася здаць 14 іспытаў. Тым не менш, згодна з існуючым правілам, да таго, як прыступіць да непасрэднай прафесійнай дзейнасці, члену каралеўскай сям'і трэба прайсці дадатковае навучанне ў свайго цяперашняга працадаўцы.

Па словах крыніц пры двары, Уільям быў «не вельмі задаволены» тым, што ў мінулым годзе яму давялося звольніцца з шэрагаў брытанскіх ВПС, дзе ён кіраваў пошукава-выратавальным верталётам. Паведамляецца, што пакуль герцаг Кембрыджскі не гатовы цалкам прысвяціць сябе выкананню абавязкаў члена каралеўскай сям'і, якія заключаюцца, галоўным чынам, у паездках па краіне і за мяжу і ўдзеле ў дабрачынных і свецкіх мерапрыемствах.

Паветраная хуткая дапамога ва Усходняй Англіі сем дзён на тыдзень забяспечвае дзяжурства двух верталётаў Eurocopter EC135. Гэтыя машыны кіруюцца адным пілотам, аднак лічыцца, што Уільям будзе лётаць на новай мадэлі EC145, дзе пілотаў — двое. Яны працуюць пяць дзён па 10 гадзін за змену, а затым адпачываюць на працягу трох дзён. Спачатку прынц павінен стаць другім пілотам, але ў перспектыве можа заняць пасаду камандзіра паветранага судна.

На год верталёты гэтай медыцынскай службы здзяйсняюць больш за 1,5 тысяч вылетаў па выкліках, звязаных з разнастайнымі здарэннямі — ад аўтамабільных аварый да сардэчных прыступаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?