«Наша Ніва» дазванілася да баевіка Матаролы (сапраўднае імя Арсеній Паўлаў). Гэта адзін з найбольш вядомых дзеячаў так званай «Данецкай народнай рэспублікі».

Матарола — 30-гадовы ўраджэнец Рэспублікі Комі Расіі. Служыў у марской пяхоце, браў удзел у вайне ў Чачні. За абарону Славянска ўзнагароджаны «Георгіеўскім крыжам ДНР».

Ад самага пачатку Матарола пераконваў, што гаварыць беларускім СМІ яму няма чаго. Ад гутаркі адмаўляўся, але пару пытанняў задаць усё ж удалося.

«У мяне ў Беларусі сваякі, цётка жыве недалёка ад Белавежскай пушчы, — сказаў «НН» Матарола. — Я там у яе бываў».

У сваім інтэрв'ю газеце «Заўтра» ад 19 чэрвеня 2014 года Арсеній Паўлаў паведаміў пра наяўнасць у Расіі жонкі і пяцігадовага сына. У той жа час СМІ загаварылі пра Матаролу, пасля таго як ён 11 ліпеня ажаніўся з жыхаркай Данбаса, 21-гадовай Аленай Каленкінай. На вяселлі ў якасці запрошаных гасцей прысутнічалі першыя асобы ДНР, у тым ліку міністр абароны Ігар Стралкоў і палітычны лідар «Народнага апалчэння Данбаса» Павел Губараў. Вяселле стала тэмай рэпартажаў усіх асноўных расійскіх СМІ.

Мы папыталіся, колькі беларусаў служыць у атрадах «ДНР». «Хапае, усе нармальныя хлопцы. Мне толькі не падабаецца, што ваш Бацька хоча іх пасадзіць у турму на 15 гадоў».

Ці верыць Матарола ў «мінскія пагадненні»? «Я не ведаю нават, што там заключалі, мяне ж там не было». Якая абстаноўка цяпер у Данецкай вобласці? «Нестабільная», — адказаў Матарола. Далей працягваць размову ён не захацеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?