Аляксандр Лукашэнка найбліжэйшым часам можа наведаць Іран. Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Ірана Махамад Джавад Зарыф 17 лютага на сустрэчы ў Мінску з кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем.

«Спадзяемся ў найбліжэйшай будучыні прымаць з візітам прэзідэнта Беларусі ў Іране. Гэты візіт паслужыць далейшаму ўмацаванню адносінаў», — сказаў іранскі міністр замежных спраў.

Зарыф падкрэсліў, што паміж Іранам і Беларуссю «заўсёды было добрае разуменне на міжнароднай арэне». «І ў будучыні мы працягнем падтрымку адзін аднаго, — сказаў ён. — У нас таксама заўсёды былі добрыя адносіны ў палітычнай і эканамічнай сферах, якія развіваюцца, але яшчэ вельмі далёкія ад сваіх сапраўдных патэнцыялаў».

Кіраўнік МЗС Ірана адзначыў, што ў найбліжэйшы час павінна адбыцца чарговае пасяджэнне міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, на якім бакі абмяркуюць шляхі далейшага развіцця гандлёва-эканамічных адносінаў.

У сваю чаргу Уладзімір Макей адзначыў, што ў 2014 годзе тавараабарот Беларусі і Ірана значна ўзрос. «Але мы не да канца выкарыстоўваем наш патэнцыял двухбаковага супрацоўніцтва, — заўважыў ён. — Наша задача заключаецца ў тым, каб намеціць тыя меры, якія дазволяць надаць большую дынаміку нашаму гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву і зрабіць так, каб яно адпавядала ўзроўню палітычнага ўзаемадзеяння нашых краін».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?