Пару тыдняў таму ў Мінску быў заўважаны аўтамабіль з беларускім арнаментам на кузаве. Яго ўладальнік, маркетолаг Аляксандр, распавёў, чаму нацыянальныя арнаменты раптам сталі трэндам, а зусім не часткай сусветнай змовы супраць Расеі.

«Golf» — гэта спроба заставацца на хвалі з моладдзю ў мае 38»

«Golf» — гэта спроба заставацца на хвалі з моладдзю ў мае 38»

Аляксандр кажа, што паўтара года таму выбіраў сабе, у першую чаргу, найлепшы аўтамабіль у сваім класе. А Golf, па яго словах, цалкам супадае з яго бачаннем ідэальнага аўтамабіля.

— Я стараюся сачыць за ўсімі тэндэнцыямі. У канструкцыі новага Golf вельмі шмат інавацый. І для мяне купля гэтага аўтамабіля - спроба заставацца на вастрыі зменаў. Так бы мовіць, крочыць у нагу з часам.

Не дзіўна, што з такімі запытамі Аляксандр купіў новы аўтамабіль ў досыць багатай камплектацыі.

Аляксандр аддаў за свой Golf 32 тысячы даляраў, што на 10 тысяч даражэй за базавую камплектацыю.

— У канструкцыі Golf маса «фішак». Напрыклад, функцыя асвятлення бакавой прасторы пры павароце. Вельмі зручная штука. Пры павароце ў цемры выразна праглядаецца бакавая прастора. Таксама на дзяўчат моцнае ўражанне робіць, калі Golf складае бакавыя люстэркі.

Як ні дзіўна, па словах суразмоўцы, у горадзе нядрэнна сябе паказвае і рухавік аб'ёмам 1,4 літра і магутнасцю 122 конскіх сілаў. Камусьці будзе смешна, але нават пры такіх характарыстыках, кажа Аляксандр, аўтамабіль сыходзіць са святлафора першым.

— Магутнасці рухавіка больш чым дастаткова, каб лётаць па горадзе і трасе. Рэгулярна атрымліваю па 5—6 «вітанняў» ад ДАІ па пошце. Да таго ж, тут стаіць падвеска ад мінулага пакалення Golf GTI, дзякуючы якой машына выдатна ўваходзіць у павароты і трымае дарогу.

Рухавік, па словах уласніка аўто, расходуе ў горадзе 7 літраў бензіну, на трасе — 5,5.

Рухавік, па словах уласніка аўто, расходуе ў горадзе 7 літраў бензіну, на трасе — 5,5.

«Еўрапеізацыі нашай культуры ваджэння не спыніш ніякай жалезнай заслонай»

Але на трасу Аляксандр выязджае нячаста, перасоўваючыся на аўто ў асноўным у Мінску. Па яго назіраннях, за апошнія гады аўтамабілісты сталіцы зрабілі вялікі рывок у плане культуры ваджэння.

— Вельмі шмат людзей цяпер ездзіць у Літву, Польшчу, і ніякай жалезнай заслонай не спыніш нашу еўрапеізацыю. Гэта тычыцца і культуры ваджэння.

Панэль Golf можна назваць прыкладам еўрапейскага падыходу: усё гранічна зразумела, а элементы зроблены з якаснага пластыку і добра падагнаныя.

Панэль Golf можна назваць прыкладам еўрапейскага падыходу: усё гранічна зразумела, а элементы зроблены з якаснага пластыку і добра падагнаныя.

Аляксандр адзначае і той станоўчы момант, што ў Мінску амаль усе кіроўцы пачалі прапускаць пешаходаў. Ён згадвае, што гадоў 7 назад чалавека, які пераходзіць дарогу, маглі проста збіць — як у Маскве.

— Было б яшчэ крута, калі б на гэта ў нас пачалі адгукацца і пешаходы. Калі ў Еўропе ты прапусціш кагосьці — ён абавязкова пакажа табе «дзякуй» рукой.

За паўтара года Аляксандр праехаў 28 тысяч кіламетраў, мяняў толькі «расходнікі» і збіраецца мяняць машыну на Golf наступнага пакалення.

За паўтара года Аляксандр праехаў 28 тысяч кіламетраў, мяняў толькі «расходнікі» і збіраецца мяняць машыну на Golf наступнага пакалення.

«Арнаментам на машыне я хачу паказаць, што мы — не рускія, мы — іншыя»

Пешаходы не дзякуюць Аляксандра за тое, што ён іх прапускае, затое звяртаюць увагу на машыну з нацыянальным арнаментам, які наш герой наклеіў 2 тыдні таму.

— Тут я не быў першаадкрывальнікам, бо цяпер вышыванка — гэта модны трэнд. На хвалі ўкраінска-расійскага канфлікту беларусы зноў задумаліся над сваёй самаідэнтычнасцю.

Суразмоўца кажа, што паслугу па абклейванні машыны аказвае шмат фірмаў. На ўсё пра ўсё патрабуецца аддаць машыну на пару гадзін і заплаціць каля 100 даляраў.

Аляксандр удакладняе, што арнамент на яго машыне — гэта не столькі даніна модзе, колькі пратэст супраць бескультур'я і закасцянеласці, якія ёсць у беларусах.

— Гэтым арнаментам я хачу нагадаць беларусам, хто мы ёсць. Мы не расейцы. У нас ёсць свае культура, традыцыі, каштоўнасці і ментальнасць. Не варта саромецца сваіх каранёў.

Такі напамін, па назіраннях нашага героя, беларускія вадзіцелі ўспрымаюць станоўча: прапускаюць і вітаюць фарамі або сігналам. Ад пешаходаў, кажа суразмоўца, таксама зыходзіць суцэльны пазітыў, і яны часта фатаграфуюць машыну.

— Нават у алкаголікаў на раёне мая машына выклікае вельмі добрую рэакцыю. Нядаўна ішоў раніцай да аўтамабіля, падыходзіць мужык падшафэ і кажа: «Ваў, супер».

З рэакцыяй супрацоўнікаў ДАІ на «вышываны» Golf Аляксандр пакуль не сутыкаўся. Нагадаем, што згодна з ПДР размяшчаць на аўтамабілі можна толькі тыя налепкі, якія пазначаны ў правілах.

— Калі супрацоўнік ДАІ мяне спыніць і будзе патрабаваць здымаць налепку, буду спрабаваць растлумачыць, што налепка займае менш за 30% кузава, што не з'яўляецца парушэннем.

Так, але нацыянальнага беларускага арнаменту няма ў спісе налепак Правілаў дарожнага руху.

— Тады можна будзе паспрабаваць атрымаць дазвол горада на перамяшчэнне з налепкай па прыкладзе аўтамабіляў, на якіх размешчана рэклама. Буду абгрунтоўваць, што гэта наш нацыянальны сімвал.

Аляксандр распавядае, што гэты ўзор нацыянальнага сімвала узяты з кнігі «Беларускі народны арнамент» 1955 і азначае шчасце і дабрабыт.

Наш герой лічыць дурнымі забароны на абклейванне аўтамабіляў у Беларусі. Гэта, паводле яго слоў, перашкаджае індывідуалізацыі чалавека.

— Я прыгадваю савецкія часы, калі ўсе хадзілі ў шэрых касцюмах і былі як браты-блізняты. Я лічу, што людзі павінны вылучацца з натоўпу, таму абмежаванні на абклейванне аўтамабіляў — гэта лішняе. Чым больш у нас будзе яркіх машын ў плыні, тым будзе цікавей.

«У сілу сваёй замбаванасці некаторыя думаюць, што мая машына — гэта змова супраць Расіі»

Пакуль «вышываны» аўтамабіль, па назіраннях Аляксандра, у Беларусі адзін, але ён упэўнены, што іншыя ўладальнікі аўто рушаць услед яго прыкладу. Тым больш што вышыванка цяпер — модны трэнд.

— Падзеі ва Украіне сапраўды падагрэлі інтарэс да «беларускасці» у нашым грамадстве. Думаю, што разважлівыя людзі пачалі баяцца, што ў пэўных умовах Расея можа разыграць той самы сцэнар, які цяпер бачым ва Украіне. Людзі адчулі неабароненасць, адчулі неабходнасць у дэманстрацыі, маўляў, мы не заходняя губерня, а незалежная дзяржава.

Але далёка не ўсе, кажа Аляксандр, радыя папулярызацыі беларускіх нацыянальных сімвалаў. Такую выснову ён зрабіў на падставе каментароў пад фота яго аўтамабіля на AUTO.TUT.BY.

— Я бачыў каментары з Расіі пасля размяшчэння фота Golf. Маўляў, вось, амерыканцы пачынаюць ужо і беларусам мазгі прамываць. Мне здаецца, што гэтыя вар'яцкія тэорыі пра сусветны змову супраць Расеі — дрэнная гульня ў дрэнным тэатры, дзе людзі ў сілу сваёй разумовай беднасці і замбаванасці ўвогуле не разумеюць, што адбываецца. Такія зласліўцы, відаць, хацелі б бачыць Беларусь чарговы губерняй з гжэллю, разбітнымі гуляннямі і ракой гарэлкі. Але мы беларусы! У нас свой шлях!

Але Аляксандр мяркуе, што вяртанне моды на «беларускасць» будзе залежаць ад развіцця падзей ва Усходняй Украіне. 

Наш герой лічыць, што асабліва вялікія праблемы з беларускай гісторыяй у моладзі, бо сістэма адукацыі не спрыяе яе вывучэнню. Таксама, кажа Аляксандр, улада не імкнецца і развіваць беларускую мову.

— Напрыклад, калі я паступаў ва ўніверсітэт, то здаваў усе іспыты на беларускай. А потым усе беларускія праграмы былі практычна згорнутыя.

З іншага боку, нашага героя вельмі парадавала прамова Аляксандра Лукашэнкі на беларускай мове 1 ліпеня гэтага года. Ён лічыць, што гэта быў вельмі інтэлігентны спосаб паставіць на месца «вялікага брата». Да таго ж, на яго думку, гаворка прэзідэнта на «мове» магла разбурыць устойлівыя міфы пра носьбітаў беларускай мовы.

Суразмоўца прызнаецца, што па-беларуску ў жыцці ён не гаворыць з-за адсутнасці знаёмых, з якімі можна пагутарыць на «мове». Затое, кажа, што любіць слухаць акторку Таццяну Мархель па-беларуску.

Суразмоўца прызнаецца, што па-беларуску ў жыцці ён не гаворыць з-за адсутнасці знаёмых, з якімі можна пагутарыць на «мове». Затое, кажа, што любіць слухаць акторку Таццяну Мархель па-беларуску.

Пры гэтым Аляксандр не лічыць патрэбным надзяляць беларускую мову статусам адзінай дзяржаўнай. Ён кажа, што на прыкладзе Украіны мы можам убачыць, да чаго прыводзяць такія шараханні з боку ў бок.

Замацаванне беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай было б непавагай і да велізарнай часткі нашых людзей.

— Тым больш беларусы заўсёды славіліся талерантнасцю. Гэта і наша гора, і наша «фішка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?