БелТА

БелТА

Аляксандр Лукашэнка 6 кастрычніка сустрэўся са старшынёй Выканаўчага камітэта — выканаўчым сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым. Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Мінск у бліжэйшы час жыве буйнымі палітычнымі падзеямі: на гэтым тыдні плануецца наведванне Беларусі з афіцыйным візітам прэзідэнта Туркменістана, а таксама правядзенне пасяджэнняў Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД і Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў.

Кажучы пра саміт СНД, кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што гэта вельмі адказнае мерапрыемства, бо СНД перажывае складаны, пераломны перыяд. «У сувязі з гэтым вельмі важныя будуць сустрэчы і рашэнні, якія, можа быць, і не будуць фармалізаваныя ў Мінску, але будуць агавораныя многія праблемы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Парадак дня саміту СНД налічвае 17 пытанняў, якія тычацца палітычнага супрацоўніцтва, умацавання бяспекі на прасторы Садружнасці, узаемадзеяння ў гуманітарнай сферы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што саміты неабходна правесці годна, «як гэта і было ў мінулы раз, каб усе засталіся задаволеныя працай у Мінску».

У сваю чаргу Сяргей Лебедзеў адзначыў, што ўсе пытанні парадку дня глыбока прапрацаваныя. Ён таксама звярнуў увагу на вялікую зладжанасць працы ўсіх структур, якія адказваюць за падрыхтоўку сустрэч на вышэйшым узроўні ў беларускай сталіцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?