Плазменны тэлевізар, які настаўнік гісторыі СШ №11 Віктар Жук атрымаў за перамогу ў рэспубліканскім конкурсе «Настаўнік года Беларусі — 2014», ён плануе перадаць у сацыяльна-педагагічны цэнтр Маладзечанскага раёна.

У інтэрв'ю 27-гадовы маладзечанец распавёў, пра што марыць пасля перамогі і ці цяжка быць найлепшым з найлепшых.

Датэлефанавацца да ўладальніка звання «Настаўнік года» аказалася не так проста: пасля перамогі на конкурсе Віктар Жук стаў жаданым героем публікацый у СМІ, і ў свой метадычны дзень шмат камунікаваў з прэсай.

Наша гутарка з Віктарам адбылася позна ўвечары. Для маладога настаўніка з Маладзечна перамога ў конкурсе стала нечаканай. Як прызнаецца сам мужчына, ён ішоў на конкурс, не разлічваючы на перамогу.

— Я ўдзельнічаў у конкурсе і проста вырашаў задачы па меры іх узнікнення, — расказвае ён, — крок за крокам. Ніякіх звышмэтаў я перад сабой не ставіў. Перада мной стаяла задача: выступіць годна. І мне здаецца, што я яе выканаў.

Напружаны год

Год, на працягу якога праходзілі этапы рэспубліканскага конкурсу, апынуўся для маладзечанца вельмі напружаным. У падрыхтоўцы да яго Віктару дапамагала школьная кафедра грамадазнаўства, Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Асобна суразмоўца адзначае прафесійную дапамогу, якую яму аказвала завуч школы Галіна Пішчык. Паводле яго слоў, намеснік дырэктара паказвала яму нестандартныя падыходы ў працы з вучнямі, дапамагала рыхтавацца да ўрокаў.

Так павіншавалі маладзечанскага настаўніка ў школе, дзе ён працуе

Так павіншавалі маладзечанскага настаўніка ў школе, дзе ён працуе

— Падрыхтоўка да конкурсу і ўдзел у ім забралі вельмі шмат часу, — адзначае Віктар Жук. — Фактычна конкурс доўжыўся з лістапада 2013 года. Шчыра сказаць, гэта вялікае напружанне — адначасова ўдзельнічаць у конкурсе і працягваць працаваць. І я ўдзячны сваякам, сябрам і калегам, якія на працягу ўсяго гэтага часу мяне падтрымлівалі.

Па словах Віктара, тэарэтычны матэрыял ён апрабаваў на ўроках са сваімі вучнямі. Так, адным з вектараў, па якім рухаецца практыка маладога настаўніка, з'яўляецца фармаванне ў навучэнцаў крытычнага мыслення.

— Сэнс майго падыходу ў тым, каб на ўроку ўзнікалі прадуктыўныя спрэчкі і дыскусіі. Вядома, складана прымусіць дзяцей думаць не шаблонамі, а навучыць бачыць і ацэньваць сітуацыю з розных бакоў. Але ж гэта праца не аднаго дня, — адзначае ён.

Па словах маладзечанца, самым складаным конкурсным выпрабаваннем для яго стаў «начны ўрок». Перад настаўнікам стаяла задача падрыхтаваць ўрок за ноч і даць яго ў незнаёмым класе.

— У гэтым выпрабаванні ацэньвалася здольнасць і ўменне педагога наладзіць кантакт з дзецьмі. Хоць, — дадае ён, — па сутнасці, праходжанне ўсіх этапаў конкурсу запатрабавала каласальнага напружання сіл.

У гэтым сэнсе, прызнаецца Віктар Жук, стаяць на сцэне значна цяжэй, чым ля дошкі перад класам. Пры гэтым, паводле яго слоў, у цэлым на конкурсе прысутнічала здаровая канкурэнцыя.

— У нейкай ступені мы ўсе адчувалі канкурэнцыю. І гэта натуральна, — кажа ён. — Бо нельга прайсці ў суперфінал і проста паказаць нумар. Усе ўдзельнікі імкнуліся да перамогі і стараліся выкласціся, дэманструючы сябе з найлепшага боку.

Прыход у прафесію

Выбар кар'еры настаўніка для Віктара, выпускніка сярэдняй школы №12, затым Маладзечансага прафесійна-будаўнічага ліцэя, а пасля і педагагічнага ўніверсітэта быў усвядомленым. Як расказвае ён сам, вызначальным момантам для яго было захапленне гісторыяй.

— Я заўсёды шмат чытаў і захапляўся гісторыяй, удзельнічаў у раскопках. У мяне і сярод сяброў вельмі шмат гісторыкаў. Магчыма, — адзначае суразмоўца, — збольшага на мой выбар паўплывала і родная сястра — таксама гісторык. Ведаеце, перш чым стаць настаўнікам, трэба паспрабаваць сябе ў выкладчыцкім працэсе, усвядоміць, што гэта тваё. Падчас педагагічнай практыкі я зразумеў, што ў мяне атрымліваецца ладзіць з дзецьмі, знаходзіць агульную мову, перадаваць ім веды. Таму ў сваім выбары я не сумняваўся.

У скарбонцы перамог Віктара, акрамя цяперашняга ганаровага звання, — выхад летам гэтага года ў фінал міжнароднага конкурсу на самы лепшы ўрок па тэме «Першая сусветная вайна на карце Саюзнай дзяржавы» ў Маскве.

Настаўнік — гэта праца круглыя суткі

Пра сваю прафесію Віктар кажа без пафасу, але з любоўю. Паводле яго меркавання, настаўнік — гэта праца круглыя суткі.

— Мне падабаецца мая праца, я люблю прыходзіць у школу і весці ўрокі. Але нельга, — кажа ён, — прыходзячы дадому, выключыцца з школьнага жыцця і навучальнага працэсу цалкам. Бо настаўнік і дома працягвае рыхтавацца да ўрокаў, весці дакументацыю, думаць пра сваіх вучняў. Я не кажу пра тое, што мы зусім жывем без выхадных. Безумоўна, у мяне ёсць хобі і захапленні, якія дапамагаюць адцягнуцца.

Хобі Віктара — гістарычная рэканструкцыя. Вольны час і адпачынак ён прысвячае свайму захапленню — аднаўленню сярэднявечных прадметаў побыту, воінскіх касцюмаў эпохі Сярэднявечча (14 стагоддзе, Германія).

Па меркаванні Віктара, насіць званне «Настаўнік года» для яго вялікая адказнасць. Аднак, як лічыць малады настаўнік, майстэрства педагога нельга вымераць катэгорыямі або тэрмінам педагагічнага стажу.

— Я лічу, што майстэрства настаўніка выяўляецца, перш за ўсё, у тым, як ён паводзіць сябе на ўроках і як іх арганізуе і, вядома ж, як ён кантактуе з дзецьмі. Так, безумоўна, «алімпіяднікі» і перамогі ў конкурсах прыходзяць з досведам. Настаўнік павінен быць прафесіяналам сваёй справы і добра валодаць методыкай, перш за ўсё. Але немалаважныя пры гэтым асобасна-прафесійныя якасці педагога, яго крэатыўнасць, мабільнасць, камунікабельнасць, наяўнасць творчага падыходу.

Віктар Жук, як і яго вучні, зарэгістраваны ў сацыяльных сетках. Створаную ў іх суполку настаўнік і яго падапечныя ўжываюць і як вучэбную пляцоўку.

— Так, у нас ёсць свая група Укантакце — 9 «В». Час ад часу мы выкарыстоўваем яе як дошку аб'яваў: дзеці задаюць мне свае пытанні, а я раблю там аб'явы, калі нешта забыўся сказаць у школе. Я падтрымліваю кантакт са сваімі вучнямі. Яны нават ведаюць нумар майго мабільнага тэлефона і заўсёды могуць звярнуцца да мяне, ведаючы, што я ім адкажу.

Прызвычаіцца да новага звання — і ісці далей

Па словах Віктара, грандыёзнага свята з нагоды перамогі ён не арганізоўваў: абмежаваўся хатнім чаяваннем з тортам. Зараз настаўнік марыць хутчэй вярнуцца да працы ў школе і сваіх вучняў. І прызнаецца, што больш у конкурсах прафесійнага майстэрства ён удзельнічаць не збіраецца.

— Перада мной зараз стаіць іншая задача: прывыкнуць да новага звання, статусу і далей развівацца ў прафесійным майстэрстве. Я хачу расці, таму застаецца толькі працаваць і працаваць. Чакаю не дачакаюся, калі выйду на працу да дзяцей.

Дарэчы, разам са званнем «Настаўнік года» Віктар таксама атрымаў «Прыз вучнёўскіх сімпатый». Сава, зробленая з лёну, для маладога настаўніка — найбольш каштоўны прыз.

— Вядома, ацэнка прафесійнага журы для мяне вельмі важная. Але прызнанне з боку вучняў, — адзначае настаўнік гісторыі, — каштуе значна больш.

Свой прыз, плазменны тэлевізар, Віктар плануе перадаць у сацыяльна-педагагічны цэнтр Маладзечанскага раёна, дзе выхоўваюцца дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў.

— Я проста лічу, што так і павінна быць, — рэзюмуе ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?