У мінскім Палацы спорту адбыўся канцэрт легендарнай «Машыны часу» ў рамках туру да 45-годдзя гурта. Мінская публіка вітала апальнага Макарэвіча.

Нягледзячы на высокі кошт (да 1.400.000 руб), усе квіткі былі распрададзеныя.

Тысячы чалавек стаялі ў чарзе да ўваходу. Кожнага правяралі мэталашукальнікамі, праглядалі асабістыя рэчы.

Такія меры бяспекі звязаныя з апошнімі падзеямі ў Расеі, калі Макарэвіча пачалі цкаваць прыхільнікі Пуціна за актыўную праўкраінскі пазіцыю, а на адным з канцэртаў нават распылілі пярцовы газ.

У доўгай чарзе, якую складалі пераважна тыя, каму за 40, быдо чуваць размовы пра палітыку, пра Украіну.

Макарэвіч з групай павітаў публіку, сказаў, што Мінск — адзін з самых любімых гарадоў. Увогуле, казаў рэдка, больш спяваў. Пачаў з песень апошніх гадоў, хіты пакінуў на канец канцэрту.

Вось Макарэвіч заспяваў: «Ящик вас пугает каждый час», і дадаў ад сябе: «А у нас-то как пугает!..».

Некалькітысячная аўдыторыя выбухнула апладысментамі і свістам, а Макарэвіч працягнуў:

«А я устал бояться. Страха больше нет…».

Музыкі выканалі песню «Пацукі». Яна з'явілася яшчэ ў 2012 годзе, але асабліва шырока разышлася па сацыяльных сетках з пачаткам расейска-ўкраінскага канфлікту. Многія слухачы зразумелі песню Андрэя Макарэвіча як зварот да Пуціна:

«Первосвященник и главный судья
Взяли меня в оборот
Один кричал «ты не любишь страну»
Второй «ты не любишь народ»

Карыстальнікі інтэрнэту ўжо празвалі яе «песняй пра Пуціна», зрэшты, сам Макарэвіч не адмаўляе і не пацвярджае, кажа, што кожны ў гэтым творы бачыць сваё.

Публіка актыўна рэагавала на песні, запісаныя «Машынай часу» яшчэ ў савецкія часы, некаторыя ў партэры спрабавалі ўставаць з месцаў і танцаваць, але ахоўнікі ў чорных касцюмах падбягалі і саджалі асабліва «гарэзлівых» на месца.

Падчас выканання на біс, у зале запаліліся сотні ліхтарыкаў мабільных тэлефонаў.

Як і напярэдадні ў Віцебску, з кветкамі да Макарэвіча нікога не падпускалі, іх перадавалі праз ахоўнікаў. Зноў жа — у мэтах бяспекі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?