Ікона грэчаскага святога вялебнага Стыліяна Пафлагонскага прыбудзе 3 кастрычніка ў Мінск з вострава Корфу (Грэцыя), паведамляе афіцыйны партал Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы.
Урачыстая сустрэча іконы адбудзецца ў 11.35 у Нацыянальным аэрапорце Мінск.
Вялебны Стыліян Пафлагонскі нарадзіўся ў Андрыянапалі (зараз раён вядомы як Эдырне на паўночным захадзе Турцыі) у багатай сям'і. У раннім узросце стаў пустэльнікам, аднак у адрозненне ад большасці іншых адзінотнікаў, ён выходзіў рабіць дабро людзям, вяртаючыся ў сваю пячору для адпачынку і малітваў. Згодна з паданнем, сваімі малітвамі ён здабыў боскую ласку Святога Духа і набыў здольнасць лячыць.
Святы Стыліян лічыцца ахоўнікам дзяцей, паколькі ён прысвяціў сябе дзецям, якія пакутавалі не толькі фізічна, але і тым, хто меў патрэбу ў духоўнай навуцы. Паданні кажуць, што сем'і ўсіх саслоўяў давяралі святому Стыліяну выхаванне сваіх дзяцей.
На іконах святы выяўлены са спавітым немаўляткам на руках.
Шанаванне вялебнага Стыліяна Пафлагонскага асабліва моцнае ў цэрквах грэчаскага праваслаўя.