Савецкае войска ў часе «вызвольнага пахода».

Савецкае войска ў часе «вызвольнага пахода».

1 верасня 1939 г. уварваннем войскаў Германіі ў Польшчу пачалался Другая сусветная вайна.

У гэты ж дзень Вярхоўны Савет СССР прыняў «Закон аб агульным воінскам абавязку», у адпаведнасці з якім узброеныя сілы Савецкага Саюзу пераходзілі на кадравую сістэму камплектавання, уводзіліся новыя тэрміны службы, рэгламентаваўся парадак прызыву і звальнення ў запас, дапускалася магчымасць затрымкі стараслужачых салдатаў і чырвонафлотцаў тэрмінам на два месяцы.

Палітычнае кіраўніцтва СССР сачыла за сітуацыяй у Польшчы.

Наркам НКВД Берыя штодня дакладваў Сталіну аб зменах ваенна-палітычнай абстаноўкі на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, настроях мясцовага насельніцтва, падрыхтоўцы памежных войскаў і органаў НКВД да баявых дзеянняў на тэрыторыі Польшчы.

 

Шыфр «ВВЗ»

4 верасня 1939 г. загадам наркама абароны СССР было затрымана на месяц звальненне ў запас ваеннаслужачых тэрміновай службы

ў Беларускай і Украінскай асаблівай, Ленінградскай, Маскоўскай, Калінінскай і Харкаўскай вайсковых акругах.

6 верасня Ваенныя саветы Ленінградскай, Калінінскай, Беларускай (БАВА) і Кіеўскай асобай ваеннай акругі (КАВА) атрымалі дырэктыву наркама абароны, якая патрабавала з 7 верасня «падняць на Вялікія вучэбныя зборы (ВВЗ), усе вайсковыя часткі і ўстановы акругаў».

Назва ВВЗ было шыфраваным абазначэннем схаванай мабілізацыі.

Пачалося разгортванне вайсковых частак, якое мусіла скончыцца за 10 сутак.

Паведамленні пра мабілізацыю нідзе не друкаваліся, расклейка загадаў катэгарычна забаранялася, а ваеннаабавязаных выклікалі ў ваенкаматы позвамі.

Штабы БАВА і КАВА перафармоўваліся ў штабы Беларускага і Украінскіх франтоў. Для патрэб арміі з прадпрыемстваў і калгасаў па разнарадках накіроўваліся аўтамабілі, трактары, матацыклы, коні.

 

Няма чым везці, няма дзе размяшчаць

У Беларусі мабілізацыя адразу ж пайшла не так, як мусіла быць на паперы. «Варашылаўскі ваенкамат разаслаў 4350 позваў …з’явілася 65—70%, а 452 позвы вернуты назад. У 13 стралковую дывізію павінна было з’явіцца 12 797 чалавек, а з’явілася ўсяго 3683», — паведамляў наркам унутраных спраў БССР Цанава першаму сакратару ЦК КПБ Панамарэнку па выніках першых дзён прызыву. Варашылаўскі ваенкамат вызначыўся тым, што накіраваў павесткі нават інвалідам — паралізаваным, сляпым ды іншым хворым людзям.

Чыгуначны транспарт не быў падрыхтаваны да масавай перавозкі людзей.

У ноч з 8 на 9 верасня ў Магілёве на вакзале пад дажджом 300 прызыўнікоў чакалі адпраўкі ў вайсковыя часці. Аднак начальнік Беларускай чыгункі адмовіў даць вагоны, бо ваенкамат не падаў на іх заяўку за 72 гадзіны. У Бабруйск прадстаўнікі вайсковых частак з’явіліся са спазненнем на суткі, таму мабілізаваных, якія чакалі на вакзале, распусцілі па хатах, а потым зноў выклікалі.

Часці таксама не былі падрыхтаваныя да прыёму такой колькасці прызыўнікоў. Так, у в/ч 6124 у Мінскай вобласці яны прасядзелі каля штаба часці амаль суткі. А

ў в/ч 5060 вайсковаабавязаных урэшце распусцілі па хатах, не маючы дзе размясціць.

 

Мала машын, худыя коні

Кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў адмаўляліся даваць войску тэхніку. Цанава адзначаў, што «нарады на пастаўку машын, трактараў, матацыклаў, коней не выкананы і не выконваюцца. Віцебскі гарваенкамат у часці недадаў 189 аўтамашын, Аршанскі — 145, Полацкі — 95».

Не менш слёзная сітуацыя назіралася і з забяспячэннем войскаў коньмі. У Бабруйску

да 8 верасня калгасы і саўгасы павіны былі паставіць 1100 коней. Рэальна ж армія атрымала толькі 192 кані, астатнія былі забракаваныя з-за малога росту і худзізны.

Якія былі калгасы, такія і коні.

 

Аператыўныя планы

8 верасня з Генеральнага штабу РСЧА ў Мінск у штаб БАВА былі накіраваныя аператыўныя планы на будучую баявую аперацыю на тэрыторыі Польшчы.

13 і 14 верасня Берыя далажыў Сталіну, Молатаву і Варашылаву аб стане польскай памежнай аховы. Колькасць яе на ўчастку дзяржаўнай мяжы на тэрыторыі БССР складала 10968 чалавек, якія мелі на ўзбраенні 10 тыс. вінтовак, 525 кулямётаў, 209 станкавых куляметаў і 10 супрацьтанкавых гармат.

Аднак, НКВД БССР быў не толькі пасіўным назіральнікам. У шэрагу паветаў былі створаныя партызанскія групы для разгрому панскіх маёнткаў, дзяржаўных устаноў. Мелі месца падпалы, дыверсіі на тэлеграфных і тэлефонных лініях.

 

«Дывізія ў лапцях, абарваная»

У часцях не хапала боепрыпасаў. Так, 11 верасня палкавая батарэя 37-га стралковага палка, якая прыбыла ў вёску Станькава Дзяржынскага раёна не мела ўкамплектаванага асабовага складу, матэрыяльнай часткі і боепрыпасаў.

Замест належных 6 гармат мелася 4, прытым адна няспраўная. Замест 12 зарадных скрынак — 6…

У в/ч 6637 15 верасня – за два дні да паходу – не хапала 8294 76-міліметровых патронаў палкавых гранат, 2902 асколачных снарадаў, 2500 бранябойных снарадаў, 661562 вінтовачных патронаў, 26118 — рэвальверных… Начальніку артылерыі аднаго з палкоў, які прасіў боепрыпасаў, у аддзеле боепрыпасаў БАВА шчыра адказалі: «Да нас ужо звярталіся некалькі такіх як вы, аднак мы і самі не ведаем, дзе браць боепрыпасы».

Не хапала і абмундзіравання. У в/ч 4015 з мабілізаваных было абмундзіравана только 250 чалавек.

ЦК кампартыі Беларусі даводзілася нават затрымліваць такія часткі. 15 верасня Панамарэнка пісаў сакратару ЦК Усесаюзнай кампартыі Малянкову: «Воінская частка №5145 (дывізія) не абмундзіраваная, у лапцях, абарваная, аднак са зброяй накіроўвалася да граніцы пад камандаваннем палкоўніка Маўрычава. Дысцыпліна адсутнічала, расцягнутасць надзвычай вялікая, шмат адсталых адзіночных фурманак і адзіночных байцоў,

некалькі верхавых ехалі без сёдлаў, у такім выглядзе, як, напрыклад, у кепцы, у шынялі, армейскіх штанах, бацінках без абмотак і з вінтоўкай.

Дывізія ўмяшаннем ЦК была затрымана ў Дзяржынску і даабмундзіраваная».

Урэшце Панамарэнка, падвёўшы вынікі мабілізацыі, паведаміў Малянкову, што па Беларусі ў зборныя пункты з’явілася 94,8% прызыўнікоў, у воінскія часткі было пастаўлена 87% коней, 78% аўтамабіляў, 51,9% трактараў.

17 верасня 1939 г. у 3 гадзіны 15 хвілін польскаму паслу ў Маскве Гжыбоўскаму была агучана нота савецкага ўрада,

у якой сцвярджалася, што «Польская дзяржава і яе Урад фактычна перасталі існаваць. Тым самым перасталі дзейнічаць дамовы, якія былі заключаныя паміж СССР і Польшчай». Раніцай 17 верасня 1939 г. часткі Чырвонай Арміі і падраздзяленні НКВД уступілі на тэрыторыю Польшчы.

…Цяпер становіцца зразумелым, чаму старыя людзі ў Заходняй Беларусі, успамінаючы савецкіх афіцэраў і салдат, адзначаюць, што часта яны былі і дрэнна абмундзіраваныя, і конікі ў іх былі худыя, і тэхніка ламаная.

 

500 тысяч лістовак па-беларуску

Адзначым, што

да паходу ў Польшчу ў БАВА пачалі рыхтвацца яшчэ ў 1938 г. – задоўга да пакта Молатава-Рыбентропа і нападу Гітлера.

Так, 28 кастрычніка 1938 г. начальнік штаба БАВА Пуркаеў накіраваў Панамарэнку «Заяўку абарончых мерапрыемстваў», якая мусіла быць уключаная ў народагаспадарчы план на 1939 г. У ёй, у прыватнасці, штаб БАВА прадугледжваў вайсковую мабілізацыю.

А

1 жніўня 1939 г. начальнік мабілізацыйнай часткі паліўпраўлення БАВА Ляпёхін накіраваў у ЦК УКП(б) заяўку на выданне у Мінску друкаваных «лістовак да войскаў ворага».

На 3—4 дзень мабілізацыі прадугледжвалася надрукаваць да войскаў ворага лістовак: на польскай мове — 250 тыс., на беларускай — 100 тыс., на яўрэйскай — 50 тыс. На 7—8 дзень мабілізацыі:

на польскай — 500 тыс., на беларускай — 400 тыс., на яўрэйскай — 100 тыс.

У заяўцы наўпрост не адзначалася, хто вораг. Аднак друкаванне такой колькасці лістовак на польскай, беларускай і яўрэйскай мовах адназначна сведчыла: вораг — Польшча.

 

* * *

Анатоль Вялікі

Гісторык, кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік нацыянальнага архіва. Вывучае гісторыю сталінскіх рэпрэсій і другой сусветнай вайны ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0