У Беларусі канкрэтызаваны пералік работнікаў, на якіх афармляюцца і вядуцца працоўныя кніжкі. Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Пастановай міністэрства нумар 40 зацверджана ў новай рэдакцыі інструкцыя аб парадку вядзення працоўных кніжак, якая змяшчае шэраг норм па пытаннях, што раней не былі ўрэгуляваны.

Інструкцыя вызначае паняцце працоўнай кніжкі, выпадкі, у якіх яна выдаецца, канкрэтызуецца пералік работнікаў, на якіх афармляюцца і вядуцца працоўныя кніжкі. У прыватнасці, пазначана, што працоўныя кніжкі вядуцца таксама на хатніх работнікаў, членаў сялянскай (фермерскай) гаспадаркі.

Вызначаны звесткі, якія ўносяцца ў працоўную кніжку, парадак іх унясення, а таксама звесткі, якія не ўносяцца ў працоўную кніжку.

Прадугледжана ўнясенне ў працоўную кніжку запісаў пры прыёме на работу асоб, якія не маюць адпаведнай кваліфікацыі (разраду, класа) па прафесіі; аб назначэнні на пасаду часовага (антыкрызіснага) кіраўніка і вызваленні ад выканання абавязкаў па асноўным месцы работы (службы) на перыяд выканання абавязкаў часовага (антыкрызіснага) кіраўніка.

Інструкцыяй устаноўлены парадак унясення (выпраўлення) запісаў у працоўнай кніжцы работніка ў выпадку выяўлення прапушчанага, няправільнага або недакладнага (няпоўнага) запісу, а таксама парадак засведчвання запісаў у працоўнай кніжцы работніка ў выпадку смерці наймальніка - фізічнай асобы.

Інструкцыя не змяшчае норм, якія адсылаюць да асабістай карткі формы Т-2, вядзенне якой з 22 лістапада 2007 года не з'яўляецца абавязковым.

У інструкцыі вызначаецца парадак запаўнення, выдачы працоўных кніжак (укладышаў да іх), дублікатаў працоўных кніжак, разлікаў за працоўныя кніжкі (укладышы да іх), улік і парадак захоўвання наймальнікам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?