У Магілёве пры работах па добраўпарадкаванні раёна Падніколля разбураны культурны слой тэрыторыі і рэшткі старых будынкаў, заявіў БелаПАН старшыня абласнога савета Магілёўскага аддзялення Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыкі і культуры Уладзімір Краўчанка.

«Работнікі ЖКГ, занятыя добраўпарадкаваннем Падніколля, падчас правядзення работ вясной гэтага года пашкодзілі культурны слой і амаль разбурылі рэшткі падмурку і памяшканні помніка архітэктуры ХVІІІ стагоддзя», — сказаў Краўчанка. Ён адзначыў, што да месца разбуранага падмурку цяпер звозіцца смецце з сумежнай тэрыторыі.

Паводле яго слоў, уся тэрыторыя, якая добраўпарадкоўваецца, уваходзіць у гістарычны цэнтр горада, які знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Ёсць крымінальнае і адміністрацыйнае заканадаўства, якое не дапускае разбурэння помнікаў арэхітэктуры, адзначае Краўчанка.

Ён сказаў, што ўсе гэтыя разбурэнні з'явіліся пасля праведзенага 29 сакавіа гарадскога суботніка. Цяпер у Падніколлі працуюць брыгады камунальных службаў, якія, паводле іх слоў, не ведаюць, што сваімі дзеяннямі разбураюць гісторыка-культурную спадчыну Магілёва, сказаў краязнаўца.

Загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Ігар Марзалюк мае намер наведаць найбліжэйшым часам месца вядзення добраўпарадкавальных работ у Падніколлі. Цяпер ён знаходзіцца ў камандзіроўцы. Паводле слоў Марзалюка, добраўпарадкаванне той тэрыторыі павінны тычыцца толькі верхняга слою глебы і выдалення непатрэбнай расліннасці, а пры больш значных землеўпарадкавальных работах усё павінна ўзгадняцца з археолагамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0