Паводле складзенага на настаўніка міліцэйскага пратакола, ён парушае правілы распаўсюду газеты «Крывінка», якую заснаваў і выдае на ўласныя сродкі.

2 красавіка суддзя Бешанковіцкага раённага суда Наталля Рэўт адмовілася перанесці працэс на іншы дзень, хоць Георгій Станкевіч паведаміў, што абраны ім адвакат зможа прыехаць у Бешанковічы не раней за пятніцу. Рэдактару «Крывінкі» было прапанавана заключыць дамову з мясцовым абаронцам, аднак ён на гэта не пагадзіўся:

—Я хацеў мець абаронцу, які разбіраецца ў заканадаўстве аб СМІ. І сябры-БАЖаўцы дапамаглі ў гэтым, знайшлі такога спецыяліста, але ў Мінску. Паколькі позву ў суд мне ўручылі толькі ў дзень суда, я фізічна не мог паехаць у Мінск ды заключыць з адвакатам дамову. Аднак менавіта на тым, каб я такую пісьмовую дамову паказаў, настойвала суддзя.

Гэтаксама суддзя не задаволіла хадайніцтва выдаўца пра прысутнасць перакладчыка на працэсе. Георгі Станкевіч некалькі разоў перапытваў, што кажа суддзя. Аднак Наталля Рэўт адзначыла, што сваімі патрабаваннямі перакладаць на родную мову ён толькі спрабуе замарудзіць судовы працэс. Урэшце суддзя ўвогуле выгнала яго з судовай залы, абвінаваціўшы ў парушэнні правапарадку, — пасля таго, як Георгі Станкевіч некалькі разоў абвясціў ёй адвод, а потым папрасіў зрабіць перапынак на 15 хвілін, каб падаць скаргу на парушэнне ягоных правоў старшыні суда.

Сведак — двух прадпрымальнікаў, якія на мясцовым кірмашы атрымалі газету «Крывінка» ад Георгія, суддзя заслухвала сам-насам.

За парушэнне часткі 2 артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Георгію Станкевічу пагражае штраф памерам да 50 базавых велічынь. Дарэчы, гэта ўжо трэцяе абвінавачанне такога кшталту. За парушэнне правілаў распаўсюду СМІ ён быў пакараны ў 2010 годзе (штраф 20 базавых велічынь) і ў 2012 годзе (штраф 40 базавых велічынь).

Сам Станкевіч лічыць, што справа супраць яго — гэта палітычная замова з мэтаю абмежаваць ягоным землякам доступ да праўдзівай інфармацыі:

— Газета «Крывінка» выдаецца на мае ўласныя сродкі, выходзіць неперыядычна, накладам 290 асобнікаў. Таму яна не падлягае рэгістрацыі. Я друкую мясцовыя навіны і навіны з усяе Беларусі, крытычныя і аналітычныя матэрыялы. Гэта вельмі не падабаецца тым, хто хацеў бы зрабіць выгляд, што ў нас усё спакойна і падставаў для крытыкі няма, — гаворыць заснавальнік выдання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?