Расійскі тэлеканал «Дождж» можа працягнуць вяшчанне яшчэ як мінімум паўтары месяцы. Па выніках акцыі «Падтрымай Дождж», калі гледачам прапаноўвалася ахвяраваць грошы, а таксама купляць лоты, датуючы тэлеканал, удалося сабраць 40 млн рублёў.

Гэтых сродкаў хопіць на 50 сутак 21 гадзіну і 40 хвілін эфіру, паведамляе лічыльнік на сайце «Дажджу». [на момант публікацыі матэрыялa]

«Гэта не значыць, што мы складзем рукі і будзем чакаць, калі гэтыя два месяцы скончацца. Мы будзем з новай энергіяй працаваць, рабіць тое, у што і мы, і гледачы «Дажджу» так вераць, і будзем змагацца за тое, каб незалежнае тэлебачанне працягвала існаваць», — заявіла гендырэктар канала Наталля Сіндзеева.

Акцыя па зборы сродкаў на далейшае вяшчанне «Дажджу», праграмы якога адмовіліся трансляваць аператары платнага тэлебачання, стартавала 24 сакавіка і доўжылася тыдзень.

«Марафон ў падтрымку «Дажджу» скончыўся, але ўсё толькі пачынаецца», — гаворыцца на сайце тэлеканала.

Яшчэ ў пачатку сакавіка ўладальнікі і кіраўнікі «Дажджу» расцэньвалі сітуацыю як фактычнае закрыццё тэлеканала: Наталля Сіндзеева заяўляла, што яму «засталося жыць адзін месяц».

Эканамічная мадэль

«Дождж» апынуўся ў цэнтры скандалу з-за апытання, прымеркаванага да 70-годдзя вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады - «Ці трэба было здаць Ленінград, каб зберагчы сотні тысяч жыццяў».

Дэпутаты заканадаўчага сходу Пецярбурга заявілі, што такая пастаноўка пытання абражае памяць загінулых блакаднікаў, і звярнуліся да генеральнага пракурора Расеі Юрыю Чайцы з просьбай прыняць санкцыі ў дачыненні да тэлеканала.

Нягледзячы на тое, што тэлеканал прызнаў апытанне памылкай і прынёс за яго прабачэнне, буйныя спадарожнікавыя і кабельныя аператары адзін за адным пачалі адключаць «Дождж».

Пракуратура, правёўшы праверку, не знайшла ў дзеяннях журналістаў прыкмет экстрэмізму, а Федэральная антыманапольная служба прыкмет картэльнай змовы ў дзеяннях аператараў.

У панядзелак намеснік міністра сувязі і масавых камунікацый Аляксей Волін заявіў Інтэрфаксу, што не бачыць ніякіх абмежаванняў для аднаўлення вяшчання «Дажджу», калі яму ўдасца дамовіцца з распаўсюднікамі.

«Ніякіх абмежаванняў і забарон як не было, так і няма. Калі яны знойдуць эканамічную мадэль, якая будзе цікавая і вяшчальнікам, і распаўсюднікам, то ўсё будзе вельмі добра», — прыводзяць агенцтва словы намеснік міністра.

Раней Наталля Сіндзеева паведаміла пра гатоўнасць аднавіць перамовы з тэлеаператарамі, каб вярнуцца ў сетку на рынкавых умовах, звярнуўшы ўвагу на тое, што гэтыя ўмовы залежаць ад папулярнасці канала.

«Да таго часу, пакуль ты непапулярны і невядомы канал, ты альбо плаціш аператару, альбо ўмоўна бясплатны, з ростам папулярнасці канала расце цікавасць кабельных аператараў да наяўнасці такога канала ў сетцы. І ўмовы пераглядаюцца. Аператар пачынае плаціць каналу, калі канал развіваецца па платнай мадэлі», — цытуе Сіндзееву Інтэрфакс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?