А пакуль што Беларусь — адзіная краіна ва Усходнім партнёрстве, дзе за шэнгенскую візу насельніцтва плаціць 60, а не 35 еўра.
Працягваюцца кансультацыі Мінска з Брусэлем аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, паведаміў 27 сакавіка на брыфінгу Мінску прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.
«Мы лічым, што знаходзімся ў графіку прасоўвання абмеркавання гэтага пытання, які бакі для сябе вызначылі», — адзначыў ён.
«Пакуль нейкіх спецыяльных раўндаў перамоў не прызначалася, але абмен меркаваннямі, праца над тэкстамі пагадненняў аб аблягчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі вядзецца як беларускім, так і еўрапейскім бакамі», — паведаміў прэс-сакратар.
Нагадаем, Савет міністраў ЕС яшчэ ў чэрвені 2011 года запрасіў Беларусь да пачатку перамоў аб спрашчэнні візавага рэжыму. Савет ЕС неаднаразова заклікаў беларускія ўлады пачаць перамовы. У лістападзе 2013 года на саміце Усходняга партнёрства ў Вільнюсе міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў, што Беларусь гатова пачаць перамовы па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі.
Першы раўнд перамоў прайшоў у Брусэлі ў канцы студзеня 2014 года.
Пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС ужо падпісаны ўсімі краінамі Усходняга партнёрства і Расіяй. Цяпер Беларусь — адзіная краіна УП, грамадзяне якой вымушаны плаціць за шэнгенскую візу не 35, а 60 еўра.