На праваслаўнае Раство ў маладой сям'і з вёскі Літвіновічы Кармянскага раёна Гомельскай вобласці адбылася трагедыя: дзіця, што нарадзілася ў снежні 2013 года, ужо ў студзені 2014-га памерла. Забіла яго не страшнае захворванне ці надзвычайнае здарэнне, а ўсяго толькі вада з калодзежа. Паводле папярэдняй версіі, яна ўтрымлівала занадта высокую канцэнтрацыю нітратаў.

Змесціва беларускіх грамадскіх калодзежаў можа быць небяспечным не толькі для дзяцей.

Паводле звестак спецыялістаў Цэнтра экалагічных рашэнняў, вада прыкладна 40-60% з іх (усяго іх налічваецца каля 45 тысяч) змяшчае празмерную колькасць нітратаў і, адпаведна, не прыдатная для піцця. Асаблівая небяспека ў тым, што візуальна вызначыць небяспечную і бяспечную ваду немагчыма, яна ў любым выпадку будзе празрыстай. А захворванні, якія можна «падхапіць» з калодзежа, вылічаюцца дзясяткамі: калі пры адзінкавых выпадках ужывання вады з высокім утрыманнем нітратаў можна абысціся банальным атручваннем, то пры пастаянным яе ўжыванні ёсць магчымасць атрымаць паталогіі ЖКТ, сардэчную, нырачную недастатковасць і многае іншае, асаблівы ўдар атрымаюць падстраўнікавая і шчытападобная залозы.

Здавалася б, рашэнне ляжыць на паверхні:

трэба звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, запоўніць заяву на праверку калодзежа і чакаць выніку. Аднак не ўсё так проста. Па-першае, некаму давядзецца ўзяць на сябе адказнасць за напісанне калектыўнага звароту — абысці мінімум 30 мясцовых жыхароў. Па-другое, заняцца адпраўкай заявы, потым кантактаваць з органамі дзяржнагляду… Усё гэта настолькі доўгая песня, што большасць так і працягвае рызыкаваць, ужываючы неправераную ваду з мясцовага калодзежа.

У дадзенай сітуацыі эколагі бачаць больш дзейснае рашэнне — выкарыстанне тэст-рэагентаў.

Прынцып дзеянняў вельмі просты: тэст-палоска апускаецца ў ваду, з прычыны чаго мяняе адценне; чым ярчэйшы колер, тым больш небяспечная вада (параўнальная шкала ўваходзіць у набор, таму адценні можна тут жа зверыць). Эфектыўна і дакладна, як тэсты прафесійных хімікаў, і проста. Але вось бяда: цана набору палосак перавышае паўсотні еўра. Знайсці гэтую суму або рызыкаваць, як сям'я з вёскі Літвіновічы — выбар кожнага. Пакуль палоскі можна ўзяць бясплатна ў Цэнтры экалагічных рашэнняў у Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?