Істотныя змены пры пакаранні п’яных кіроўцаў агучыў польскі прэм’ер-міністр Дональд Туск на адмыслова сабранай прэс-канферэнцыі 7 студзеня.

Так, кіроўца, якога ўпершыню зловяць за рулём у стане алкагольнага ап'янення, страціць права на кіраванне аўтамабілем на тэрмін ад 3 да 15 гадоў. Затрыманы таксама павінен будзе заплаціць штраф ад 1600 да 35000 даляраў.

Калі ж кіроўца будзе затрыманы п’яным двойчы, ён можа пазбавіцца пасведчання на 5-15 гадоў ды заплаціць штраф ад 3300 даляраў. Прозвішчы ўсіх парушальнікаў будуць агучвацца ў СМІ. Кіроўца, які ў стане алкагольнага ап’янення справакуе аварыю са смяротным вынікам ці калецтвам, будзе пажыццёва пазбаўлены права кіраваць машынай.

– Той, каго злавілі другі раз за рулём у стане алкагольнага ап'янення, няхай рыхтуецца да жорсткага пазбаўлення волі, – дадаў прэм'ер-міністр.

Па яго словах, з 2015 года ў кожным польскім аўтамабілі павінен будзе знаходзіцца алкатэстар.

Як караюць п'яных кіроўцаў у іншых краінах?

Бельгія (дапушчальны ўзровень алкаголю ў крыві кіроўцы - 0,5 праміле)

Калі ў кіроўцы выявілі ўзровень алкаголю 0,5 - 0,8 праміле, ён павінен будзе заплаціць штраф ад 137 да 2750 еўра. Чым больш алкаголю, тым большы штраф - пакаранне можа даходзіць і да 11 тысяч еўра.

Кітай (дапушчальны ўзровень алкаголю - 0,02 праміле)

У п'янага кіроўцы могуць адабраць пасведчанне на шэсць месяцаў, а ў выпадку рэцыдыву - нават на тэрмін да пяці гадоў. У 2009 годзе, падчас кампаніі супраць п'яных кіроўцаў, суд у горадзе Хенгд прысудзіў на смерць кіроўцу, які на п'яную галаву забіў чатырох чалавек. Праўда, пазней апеляцыйны суд змяніў пакаранне на пажыццёвае зняволенне.

Францыя (0,5 праміле)

Пакараннем п'янаму кіроўцу будзе штраф у 4,5 тысячы еўра альбо пазбаўленне волі на тэрмін да 6 месяцаў. Французскае права прадугледжвае розныя ліміты ўтрымання алкаголю для розных кіроўцаў, у залежнасці ад таго, якім транспартам (грамадскім, службовым або асабістым) яны кіруюць.

Германія (0,5 праміле і 0,0 праміле для кіроўцаў ва ўзросце да 21 года)

Калі норма алкаголю перавышана неістотна, кіроўцу пагражае штраф да 300 еўра. Калі ён вып'е больш, у лепшым выпадку ў яго забяруць пасведчанне, у горшым - пагражае пазбаўленне волі да 5 гадоў. Дарэчы, вярнуць пасведчанне ў Германіі не так проста. Для гэтага трэба здаваць спецыяльны тэст, які сярод немцаў мае рэпутацыю складанага і адказнага экзамена. Кожная спроба здачы каштуе 200 еўра.

Англія (0,8 праміле)

П'яным кіроўцам-ангельцам пагражае штраф да 5 тысяч фунтаў (каля 6 тысяч еўра) і пазбаўленне пасведчання мінімум на 12 месяцаў. У выпадку паўторнага затрымання ў п'яным выглядзе пасведчанне забяруць мінімум на тры гады. Калі ж п'яны кіроўца справакуе смяротны выпадак, яму пагражае 10 гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?