У мяне ёсць Nikon, але часам я здымаю на айфон.

Усё жыццё я фатаграфую. Аднойчы я бег па аэрапорце, каб зрабіць здымак жанчыны, былога прэзідэнта Ісландыі.
Яна была першай у Еўропе жанчынай, якая ўзначаліла краіну. Ёй цяпер за 80 гадоў, але яна выглядае максімум на 50.

Маці вельмі не хацела, каб я пайшоў па шляху гуманітарных навук. Яна казала: ну вось твой бацька быў гуманітарыем, і што з гэтага атрымалася? (Бацька Шушкевіча, пісьменнік Станіслаў Шушкевіч, быў рэпрэсаваны ў 1930-я гады і правёў у турмах амаль 20 гадоў).

Мая маці ведала, што банальнымі парадамі на мяне ўздзейнічаць не атрымаецца. І яна рабіла па-іншаму: ставіла мне ў прыклад аднакласнікаў ці сяброў з вуліцы, параўноўвала мяне з імі – і не на маю карысць. І я імкнуўся быць лепшым, каб заваяваць павагу ў яе вачах.

Калі перад табой з’яўляюцца задачы, якіх ты не разумееш, гэта павінна выклікаць цікавасць.

Не трэба з усімі імкнуцца шукаць агульную мову. Але калі людзі здаваліся мне прыстойнымі, я пачынаў ім давяраць. І гэта – адна з галоўных памылак у маім жыцці. Што я рабіў высновы пра людзей па нейкім першым добрым уражанні.

У маім універсітэце ўсе імкнуліся да таго, каб іх кіраўнікі былі вядомымі, масцітымі акадэмікамі, а мой настаўнік не быў нават кандыдатам навук. І ў яго я навучыўся большаму, чым у кагосьці дагэтуль. Ён абараніў кандыдацкую дысертацыю, калі я быў ужо доктарам навук. Я нават пісаў яму водгук на дысертацыю. Пра што гэта гаворыць? Трэба глядзець на справы, а не на статусы.

Мая бабуля гаварыла: «Ты шукай у людзях добрае, бо дрэннае кожны дурань знойдзе».

Вундэркіндам доўга ніхто не бывае.

Калі ты хочаш адгаварыць сваіх дзяцей нешта рабіць, прапануй ім некалькі альтэрнатыў.

У горадзе Кліўлэнд беларусамі практычна пабудавана металургічная прамысловасць рэгіёна. І там – калі ты беларус, цябе ахвотна бяруць на працу.

Працавітасць – гэта вельмі беларуская якасць.

Пяць маіх аднакласнікаў пераехалі працаваць у ЗША. Калі б не з’ехалі, многія з іх былі б ужо ў магіле.

Я не мог і не магу адсюль з’ехаць. Але я не асуджаю нікога за эміграцыю.

Беларусы могуць ганарыцца добрасумленнасцю, прыстойнасцю і дысцыплінаванасцю.

Мы сваіх найлепшых герояў занадта часта аддавалі суседзям. Беларусь дала Качалава, Дастаеўскага, Глінку. Міцкевіч дзе жыў? Касцюшка адкуль? Беларусь заўжды грабілі на герояў.

Тры кнігі, якія я параіў бы прачытаць усім: «Новая зямля» Якуба Коласа, зборнік апавяданняў Чэхава і гісторыю фізікі.

Рэзэрфорд – геніяльны фізік. Калісьці я ім вельмі захапляўся.

Я люблю чытаць публічныя лекцыі. І я ніколі не гляджу ў паперкі: лекцыя павінна сядзець у галаве.

Калі выступаеш публічна, трэба зразумець, што за аўдыторыя перад табой. І пра што ёй будзе цікава даведацца.

Больш за ўсё я хваляваўся перад тым, як чытаў у Хірасіме лекцыю «Хірасіма і Чарнобыль». Я вельмі доўга думаў, што там сказаць.

Самаадукацыя часта лепшая, чым традыцыйная адукацыя. Але інтэрнэт, баюся, не можа цалкам замяніць магчымасць паслухаць жывыя лекцыі, задаць пытанні лектару і абмяняцца ідэямі з аднадумцамі або апанентамі.

Трэба цікавіцца ўсім, а не толькі тым, чым ты займаешся.

Сапраўдная адукацыя атрымоўваецца там, дзе ёсць пераймальнасць школаў.

У Беларусі высокая якасць адукацыі ў галіне фізікі, матэматыкі ды хіміі.

Я не магу ўявіць сябе сучасным маладым чалавекам. Баюся, я быў бы цемрашалам.

Я не магу сабе дазволіць публічна крытыкаваць нашы незалежныя медыі. Бо я ведаю, у якіх умовах яны працуюць, і не маю маральнага права іх асуджаць.

А хто я такі, каб некага прабачаць ці абвінавачваць? Я ніколі не стаўлю пытанне ў такой форме.

Спачатку зразумей, чаго ты хочаш і як гэтага дабіцца. А потым ідзі ў палітыку.

Я імкнуўся заўсёды быць справядлівым, калі ставіў адзнакі. І калі прымаў іспыты, ніколі не адкрываў залікоўку да таго, як выстаўляў адзнаку ў ведамасць.

Я заваяваў сваю жонку тым, што паставіў ёй, выдатніцы, першую чацвёрку.

Каб заваяваць жанчыну, трэба, каб твае прыёмы супалі з яе моцнымі і слабымі бакамі.

Адно з маіх хобі – набыццё добрага інструменту для працы. Я ўласнымі рукамі пабудаваў сваё лецішча, зрабіў туды мэблю. Усе ложкі, усе сталы, усе паліцы. Старую мэблю падрамантаваў.

Якая апатыя ці дэпрэсія? Мне заўсёды хапае працы.

Я не люблю адзіноты. Нават калі я працую над чымсьці, мне трэба, каб побач за сценкай нехта быў.

Найлепшае, што ты можаш рабіць пры пераездах ці пералётах, – гэта спаць.

Каб палюбіць горад, трэба зразумець, як ён пабудаваны.

Самы прыгожы беларускі горад – Гародня. Хаця яго і знявечылі апошнім часам.

Гадоў дзесяць мы з жонкай ужо не куплялі, здаецца, ніводнага перца, агурка або памідора. Усё – з уласных цяпліц.

Гатаваць трэба з тутэйшых прадуктаў.

Нядаўна, на 100-гадовы юбілей цёшчы, я прыгатаваў студзень. Ён сышоў за лічаныя хвіліны. Сапраўдны студзень трэба варыць 9 гадзін.

***

Станіслаў Шушкевіч. Нарадзіўся ў 1934 годзе ў Менску. Скончыў фізмат БДУ. У 36 гадоў зрабіўся доктарам фізіка-матэматычных навук. Шмат гадоў працаваў у БДУ – спачатку загадчыкам кафедры ядзернай фізікі, пасля – прарэктарам. У 1991–1994 гадах быў старшынём Вярхоўнага Савета Беларусі. Як кіраўнік Беларусі ўдзельнічаў у падпісанні Белавежскага пагаднення, якое фактычна было апошняй кропкай у існаванні СССР. На прэзідэнцкіх выбарах 1994 года заняў 4-е месца з 10 % галасоў. Жанаты, ёсць сын, дачка і ўнучка. У 2012 годзе выпусціў кнігу ўспамінаў «Маё жыццё, крушэнне і ўваскрашэнне СССР». Мае ў калекцыі 600 калодаў гульнявых карт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?