Плошча-2010… Драматычная падзея ў новай гісторыі Беларусі, пра якую будуць пісаць і пісаць…

У рамане «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без», які я нядаўна скончыў і які пад канец свету будзе выдадзены, ёсць старонкі пра Плошчу. Але іх не столькі, колькі магло быць. Я пакуль не гатовы напісаць пра Плошчу ўсё — надта яшчэ яна блізка. Трэба, каб аддалілася і яна, і тыя, хто на ёй.

Можа, і не напішу, не паспею. Але нехта абавязкова напіша. Ён прачытае ў архівах тамы крымінальных спраў, заведзеных на так званых «фігурантаў» Плошчы, і ўбачыць, што гэта гатовыя тамы рамана з унікальным сюжэтам і незвычайнымі характарамі. Яго ўзрушыць высокая годнасць, з якой трымалася на допытах Наста Палажанка, здзівіць розум і воля гэтай дзяўчынкі. Яго змусіць задумацца мудрая мужнасць, выяўленая ў так званых «бяседах», допытах без адвакатаў, Аляксандрам Фядутам. Яго рассмяшыць (а, можа, і не здасца смешнай) беларуская «хітрасць» аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты, які тлумачыў, што на Плошчы апынуўся ледзьве не выпадкова: ехаў міма і ўбачыў натоўп. І стала яму цікава: чаго людзі тоўпяцца? Выйшаў з таксі — народ да яго: маўляў, мы за цябе галасавалі, растлумач нам, як жыць? Ён не мог кінуць сваіх выбарцаў, стаў тлумачыць, а тут раптам усе рушылі з адной плошчы на другую — і ўцягнулі яго, як аказалася, у гісторыю…

Шмат хто ў гэтай гісторыі апынуўся насамрэч выпадкова — і шмат што ўзрушыць, здзівіць, змусіць задумацца, рассмяшыць і засмуціць будучага аўтара рамана «Плошча». А пакуль я, адзін з яе «фігурантаў», для якога Плошча больш, чым палітыка, хачу абняцца з вамі — з усімі тымі, хто на ёй быў, сказаць вам дзякуй, сказаць, што люблю вас, што вы родныя мне людзі, і ў амаль такое ж марознае, як і два гады таму, беларускае неба выгукнуць так, каб Бог пачуў:

— Жыве Беларусь!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?