«Будучыня Беларусі. Погляд незалежных экспертаў» — так называецца зборнік, прэзентацыя якога адбылася 10 снежня ў пасольстве Латвіі ў Мінску.

Выдадзеная ў Санкт-Пецярбургу кніга пад рэдакцыяй аўтарытэтнага беларускага сацыёлага прафесара Алега Манаева прадстаўляе погляд вядучых незалежных айчынных і замежных экспертаў на будучыню Беларусі. Гэта бачанне заснавана на аналізе ключавых праблем яе сучаснага развіцця — фарміраванні нацыянальнай ідэнтычнасці, палітычных і сацыяльна-эканамічных выклікаў, геапалітычнага самавызначэння.

«Скончыўшы гэты праект, я ў цэлым адчуваю аптымізм, нягледзячы на тое што некаторыя з прадстаўленых у кнізе сцэнарыяў досыць песімістычныя»,
— заявіў Алег Манаеў у каментары для БелаПАН.

Паводле меркавання вучонага, у краіне ёсць сацыяльная база, патэнцыял для розных варыянтаў развіцця, у тым ліку і для еўрапейскага, дэмакратычнага шляху.

Нельга глядзець на перспектыву краіны фаталістычна на падставе таго, што «18 гадоў таму да ўлады прыйшла адна з груповак беларускага соцыума», якая прадстаўляе пэўны погляд на развіццё краіны, падкрэсліў Манаеў.
Шлях, па якім пойдзе Беларусь, шмат у чым залежыць ад намаганняў палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, усіх грамадзян, якія маюць іншую сістэму каштоўнасцяў і лічаць, што цяпер «не іх расклад», а гэта праслойка даволі вялікая, рэзюмаваў суразмоўца.
Сярод 16 аўтараў кнігі, палова з якіх замежныя, — Леанід Заіка, Дэвід Марплз, Юлія Чарняўская, Сяргей Нікалюк, Вадзім Дубноў, Юрый Зісер, Эндру Уілсан, Юрый Дракахруст.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?