2 лютага а 19-й гадзіне ў кнігарні «Галіяфы» ў Траецкім прадмесці (вул. Старавіленская,6) адбудзецца доўгачаканая прэзентацыя электронных зборнікаў вершаў двух маладых паэтак – Кацярыны Массэ і Кацярыны Ваданосавай.
Гэтыя дзве кнігі аб’ядноўваюць некалькі рэчаў: электронны фармат зборнікаў, што ўжо незвычайна для беларускай кнігавыдавецкай справы, для аўтараў яны з’яўляюцца дэбютнымі і выйшлі адначасова пад шыльдай новага праекта «Электронная бібліятэчка часопіса «Верасень».
Змест кожнай кнігі цалкам адметны. Калі для творчасці Кацярыны Ваданосавай уласцівыя рамантычныя настроі, натхнёныя эпохай Сярэднявечча і гераічнымі часамі з твораў «фэнтэзі», то вершы Кацярыны Массэ гучаць як суцэльная аўтарская рэфлексія, накіраваная на вывучэнне ўнутранага свету і пошукі свайго месца ў неспакойным свеце. Вы зможаце пачуць цудоўныя, жывыя вершы ад аўтараў – не прапусціце такой магчымасці!
Ноу-хау мерапрыемства ў «Галіяфах» стане прэм’ерны паказ буктрэйлераў, якія адмыслова былі знятыя з нагоды выхаду паэтычных зборнікаў. Акрамя таго, гасцей чакае музычная імпрэза з удзелам барда Эдуарда Акуліна і гурту Кацярыны Ваданосавай.
Прыходзьце а 19-ай гадзіне ў аўторак, будзе цікава!
А кнігі можна набыць на кніжных платформах Smashwords.com, Barnes&Noble, Kobobooks, а з аўторка – праз партал kniharnia.by.