Гурт «Navi» запускае акцыю «Я за беларускую мову на Еўрабачанні-2016!» у падтрымку сваёй беларускамоўнай песні «Гэта Зямля», з якой 22 студзеня выступіць у фінале нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне-2016».

«Беларуская — адна з найбольш мілагучных моў Еўропы, якую, калі чуеш, так і хочацца нешта заспяваць. Толькі чамусьці за 12 гадоў удзелу Беларусі ў Еўрабачанні, нашыя прадстаўнікі не выканалі ніводнай песні па-беларуску!

Давайце зробім так, каб беларуская мова і песня нарэшце загучалі на ўвесь свет. Давайце падзелімся з гэтай Зямлёй нашымі словамі, такімі шчырымі, мілагучнымі і дарагімі кожнаму беларусу!» — заклікаюць арганізатары.

У гэтым годзе гурт «Navi» мае ўнікальны шанец упершыню заспяваць па-беларуску на Еўрабачанні 2016 у Швецыі.

Падтрымаць акцыю «Я за беларускую мову на Еўрабачанні 2016!» можна чатырма спосабамі:

1. Распаўсюд інфармацыі ў сацыяльных сетках і СМІ: тутпадрыхтаваныя афішы і відэа, якія можна спампаваць і размяшчаць у інтэрнэце: на сайтах, аватарках, у блогах, розных сацыяльных сетках.

2. Плакаты і флаеры: падрыхтаваныя для акцыі малюнкіможна раздрукаваць і павесіць у школах, універсітэтах, крамах ці любых іншых грамдскіх месцах.

3. Удзел у конкурсе #06navi альбо «Чаму я хачу каб гурт «Navi» паехаў на Еўрабачанне 2016». Арганізатары заклікаюць удзельнікаў пісаць пра гэта ў сацыяльных сетках, дадаючы хэштэг #06navi.

Па хэштэгу #06navi «Navi» абярэ самую цікавую і самую папулярную прычыны, а іх аўтары змогуць 22 студзеня трапіць у групу падтрымкі «Navi» на фінале адборачнага «Еўрабачання» ды яшчэ атрымаюць запрашальнікі на сольны канцэрт гурту 14 лютага ў клубе «Re:Public».

4. 22 студзеня ў фінале адборачнага тура «Еўрабачання-2016» галасуем за №6 – гурт «Navi» з песняй «Гэта Зямля».

Гурт «Navi» мае рэальны шанец і ўсё залежыць толькі ад нас, бо ўпершыню пераможцу нацыянальнага адбору вызначаць толькі гледачы з дапамогай тэлефоннага і СМС-галасавання падчас трансляцыі фінальнага шоу, якое будзе паказанае ў прамым эфіры на «Беларусь 1» і «Беларусь 24», а таксама ў рэжыме online на сайтах tvr.by і eurovision.tv. Пачатак тэлевізійнага канцэрта ў 22:00.

Падтрымай беларускую мову! Галасуй за «Navi»!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?