У судзе Савецкага раёна Менска праходзяць суды над актывістамі зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады фронт», якіх затрымалі 26 красавіка пасля завяршэння акцыі "Чарнобыльскі шлях". Мускага і Васільева вінавацяць у дробным хуліганстве (арт.17.1 КоАП РБ). Ноч маладафронтаўцы правялі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.
Аляксей Чурылаў (суддзя Аксана Рэлява) асуджаны на 10 сутак арышту, Зміцер Шаўлюкевіч -- на 15 сутак. Таксама Аксана Рэлява разглядае справу Міхаіла Мускага, суддзя Дзмітрый Паўлючэнка -- Міколы Дземідзенкі.
Раману Васільеву выклікалі «хуткую дапамогу» і адвезлі ў 9-ю бальніцу.
***
Пазней Раман Васільеў і Міхаіл Мускі былі асуджаныя на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Яны, як і астатнія асуджаныя маладафронтаўцы, прызнаныя вінаватымі ў дробным хуліганстве. У пратаколах ва ўсіх напісана, што яны лаяліся матам, размахвалі рукамі, парушалі грамадскі парадак на вуліцы Сурганава, каля дома № 50. Хаця шматлікія сведкі бачылі затрыманьне актывістаў на станцыі метро "Маскоўская".
Мікола Дземідзенка таксама асуджаны на 15 сутак арышту.





