Жонка Змітра Бандарэнкі Вольга распавяла журналістам пра тое, што ціск на яе мужа ўзмацняецца.
«Ён кажа некаторыя такія рэчы, ад якіх валасы дыбам устаюць.Кажа: «Воля, тут ціск такі, што настройвайся на тое, што я адсюль не выйду ніколі». Зараз усё ідзе да таго, што ён рана ці позна трапіць у ШЫЗА. Ужо былі ўнутраныя правакацыі, і ён ужо быў на валасок ад ШЫЗА, яго туды ўжо накіроўвалі… Але пакуль што ён трымаецца. І кажа: «Калі будуць такія правакацыі працягвацца, я скончу жыццё самагубствам, бо іншага выйсця няма».
На думку Вольгі Бандарэнкі, узмацненне ціску на яе мужа і іншых палітвязняў сведчыць пра тое, што ўлады гатовыя іх выпусціць. Маўляў, таму і ціснуць, што хочуць, каб вязні як мага хутчэй напісалі прашэнні аб памілаванні.
Тым часам стан здароўя Змітра Бандарэнкі застаецца цяжкім.Па словах жонкі, ад вялікай колькасці лекаў, якія неабходна было прымаць у звязку з язвай страўніка і аперацыяй на пазваночніку, у яго пачаліся праблемы з ціскам і забалелі ныркі.





