Мінскі міжнародны аўтасалон «Мотаршоу-2011», які прайшоў 20–25 верасня, наведалі 41,5 тыс. чалавек. Пра гэта 26 верасня на прэс-канферэнцыі паведаміў Дзмітрый Ярота — генеральны дырэктар кампаніі «Рэмарк», якая выступае арганізатарам выставы.

Ярота зазначыў, што выстава пасля двухгадовага перапынку змагла прыцягнуць увагу дылераў і аўтааматараў. Мерапрыемства ўпершыню праходзіла не вясной, а восенню. «Адназначна пакуль сказаць не магу, але, хутчэй за ўсё, у далейшым выстава будзе пераходзіць на восеньскі цыкл. Мы таксама будзем рабіць усё для таго, каб выстава перамясцілася на «Мінск-Арэну», — сказаў ён.

Сёлета на «Мотаршоу» ў Футбольным манежы было паказана каля 150 аўтамабіляў, у тым ліку каля двух дзясяткаў навінак сусветнага аўтапрама.

Адметнай рысай цяперашняй выставы стала разуменне дылерамі неабходнасці паказу максімальна поўнага мадэльнага рада прадстаўленых аўтамабільных брэндаў, сказаў Ярота.

У сувязі з гэтым рэзка ўзрасла сярэдняя плошча стэнда кожнага ўдзельніка.

У «Мотаршоу-2011» бралі ўдзел афіцыйныя дылеры Mazda, Audi, Peugeot, Volvo, Chevrolet, Subaru, Volkswagen, Kia, Nissan, Hyundai, Ford, Opel і іншых сусветных аўтамабільных брэндаў. Экспаненты падрыхтавалі насычаную праграму з мноствам прэзентацый і прэс-канферэнцый, якія былі прысвечаны выхаду на беларускі рынак аўтамабільных навінак.

Аматары матацыклаў маглі ўбачыць навінкі ад беларускага завода «Мінск-МОТА» і байкі ручной працы ад студыі Юрыя Шыфа.

Адметнасцю гэтага «Мотаршоу» стаў стэнд расійскай кампаніі «ё-АЎТО», якая паказала беларускай публіцы два прататыпы першых ё-мабіляў.
На «Мотаршоу» можна было ўбачыць ё-мікравэн і ё-крос-купэ. У стварэнні машын браў удзел беларускі дызайнер Уладзімір Цэслер.

Беларусь займае другое месца пасля Расіі па колькасці папярэдніх заявак на куплю ё-мабіля. 29 жніўня на афіцыйным сайце кампаніі было зарэгістравана 150 тыс. заявак. Беларусам з гэтай колькасці належыць 2.466 заказаў.

Таксама ўпершыню за ўсю гісторыю «Мотаршоу» быў паказаны канцэпт кар Mazda MX-5 Superlight. Гэтая мадэль, якую празвалі аўтамабілем будучыні, існуе ў адзінкавым асобніку і была выпушчана ў 2009 годзе.

Аматары аўтамабіляў з гісторыяй змаглі палюбавацца на рэліквію амерыканскага аўтапрама, унікальны рарытэтны аўтамабіль Ford Model T, які быў выпушчаны ў 1916 годзе і прызнаны «Аўтамабілем стагоддзя».

Самым папулярным на выставе па выніках апытання яе наведвальнікаў названы аўтамабіль Audi A7.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?