Сваякі пасажыраў знакамітага лайнера «Тытанік» выправяцца ў круіз, прысвечаны стагоддзю з дня яго катастрофы.

Падарожжа адбудзецца ў красавіку 2012 на круізным лайнеры «Балмарал». Лайнер дакладна скапіюе маршрут, якім павінен быў прайсці «Тытанік», ад ангельскага порта Саўтхэмптан да Нью-Ёрка.

У дзень гібелі Тытаніка, 15 красавіка, на «Балмарале» на месцы катастрофы знакамітага карабля пройдзе імша ў памяць пра загінулых пасажыраў.

Паводле задумы арганізатараў, падчас падарожжа пасажырам «Балмарала» будуць падаваць стравы, прыгатаваныя паводле меню, распрацаваным для тых, хто плыў на «Тытаніку».

У плаванні, якое пачнецца 8 красавіка 2012, пасажыры будуць расказваць адно аднаму пра сваіх сваякоў, якія загінулі ў выніку крушэння лайнера, і дзяліцца сямейнымі гісторыямі.

Пра планы выправіць «Балмарал» па маршруце «Тытаніка» стала вядома яшчэ ў 2009, аднак пра запрашэнне ў гэтае плаванне сваякоў загінулых пасажыраў афіцыйна абвясцілі толькі цяпер.

«Тытанік», самы вялікі пасажырскі лайнер свайго часу, затануў 15 красавіка 1912 у выніку сутыкнення з айсбергам у Атлантычным акіяне. Ахвярамі катастрофы стала больш за 1500 чалавек. Выратаваліся ўсяго 708 пасажыраў. Апошняя з выжылых, Мілвіна Дзін, памерла ў Вялікабрытаніі ў 2009 годзе.

Раней паведамлялася, што група навукоўцаў мае намер выправіцца ў чарговую экспедыцыю да месца гібелі легендарнага пасажырскага лайнера і правесці віртуальны пад’ём судна на паверхню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?