Да нас едзе адметны актор і музыка Пётр Мамонаў. Яскравы прадстаўнік расійскага року, адзін з заснавальнікаў гурту «Звуки Му». Культурны герой перабудовачнай смуты: узгадаем роль запойнага саксафаніста ў «Таксі-блюзе» Паўла Лунгіна і гандляра наркотыкамі, злавеснага блазна, у «Ігле» (там Мамонаў здымаўся разам з Віктарам Цоем). І вось цяпер выканаўца няпростай ролі Івана Жахлівага ў гістарычнай драме «Цар», дзе ягоным партнёрам па здымках быў Алег Янкоўскі.
Мамонаў-тэатральны актор вядомы яшчэ феерычнасцю прачытання расійскай класікі – гаворка пра ягоны мона-спектакль паводле Чэхава «Ці ёсць жыццё на Марсе?», дзе акрамя надзвычай артыстычных дыялогаў Мамонаў водзіць па сцэне макабрычных лялек і спявае рокавыя песні.
Такім чынам, 5 студзеня, К/З «Мінск», Пётр Мамонаў з праграмай «Даўнавата мы цябе не бачылі». У імпрэзе – песні з рэпертуара «Звуки Му», урыўкі са спектакляў. Пачатак а 19.