Вакцынацыя ад COVID-19 у Еўрапейскім Саюзе пачнецца 27—29 снежня, заявіла кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. Эканамісты чакаюць, што вакцынацыя паскорыць аднаўленне еўрапейскай эканомікі, піша РБК.

Старшыня Еўракамісіі 17 снежня паведаміла, што вакцынацыя ад каранавіруса пачнецца ва ўсіх краінах ЕС з 27 па 29 снежня. «Гэта важны дзень для Еўропы. Мы ўсе разам абараняем нашых грамадзян, разам мы моцныя», — напісала яна ў сваім акаўнце ў Twitter.

Напярэдадні, выступаючы на пленарнай сесіі Еўрапарламента, фон дэр Ляен заявіла, што вакцынацыю ў Еўрасаюзе варта правесці скаардынавана. «Каб перамагчы пандэмію, нам трэба вакцынаваць да 70% насельніцтва. Гэта вельмі складаны выклік, давайце пачнём вакцынацыю разам, усе 27 краін, у адзін дзень», — сказала яна. Як адзначыла фон дэр Ляен, Еўракамісія заключыла кантракты з цэлым шэрагам пастаўшчыкоў вакцын. «Мы закупілі больш чым дастаткова доз вакцыны, каб вакцынаваць кожнага ў Еўропе, і мы зможам аказаць падтрымку нашым суседзям і партнёрам па ўсім свеце», — паведаміла яна. 

Першая вакцына, распрацаваная амерыканскай кампаніяй Pfizer і нямецкай BioNTech, атрымае ўхвалу Еўрапейскай медыцынскай асацыяцыі (ЕМА) ўжо на наступным тыдні, і адразу пасля гэтага краіны змогуць пачаць вакцынацыю грамадзян.

У мэтах процідзеяння пандэміі Еўракамісія ад імя 27 краін ЕС заключыла кантракты з вытворцамі шасці вакцын ад COVID-19:

BioNTech-Pfizer (ЗША — Германія),
AstraZeneca (Вялікабрытанія),
Sanofi-GSK (Францыя — Вялікабрытанія),
Johnson & Johnson (ЗША),
CureVac (Германія),
Moderna (ЗША).

Пры гэтым асобныя краіны могуць выкарыстоўваць іншыя вакцыны пад уласную адказнасць. Напрыклад, Венгрыя атрымала дазвол ад рэгулятара на выкарыстанне расійскай вакцыны «Спадарожнік V».

Паспяховая вакцынацыя насельніцтва — залог вяртання еўрапейскіх краін да нармальнай эканамічнай дзейнасці. У цяперашні час абмежаванні на працу кампаній і перамяшчэнне людзей уведзеныя амаль ва ўсіх краінах ЕС. Паводле прагнозаў Міжнароднага валютнага фонду, ВУП еўразоны знізіцца на 8,3% у 2020 годзе і вырасце на 4,7% у 2021 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0