6 жніўня Кірыл Галанаў з калегам Уладам Сакалоўскім падчас урадавага мерапрыемства ў Менску ўключылі песьню Віктара Цоя «Перемен», якая стала пратэстацыйным гімнам кампаніі. Пасьля ім давялося зьехаць у Літву.

У інтэрвію «Свабодзе» Галанаў расказаў пра 4 месяцы па-за радзімай.

Улад Сакалоўскі (злева) і Кірыл Галанаў. Фота Надзеі Бужан

Улад Сакалоўскі (злева) і Кірыл Галанаў. Фота Надзеі Бужан

«Цалкам зьмяніў сфэру дзейнасьці»

За гэтыя 4 месяцы маё жыцьцё зьмянілася кардынальна. Я цалкам зьмяніў сфэру дзейнасьці і ўвесь гэты час займаўся самаадукацыяй. Цяпер я праходжу стаж у пэўнай міжнароднай кампаніі ў сфэры IT. З гукарэжысурай гэта ўжо ніяк не зьвязана. Гэта спэцыяльнасьць інжынэра-тэставальніка.

Ёсьць адчуваньне вялікай віны, што зьехаў. Там людзі за кратамі сядзяць, а ты зьехаў. Сяброў страціў. Чаму я і вырашыў зьмяніць спэцыяльнасьць. Я зразумеў, што там мяне трымалі людзі. Як гукарэжысэр я працаваў з музычнымі гуртамі. А тут прапановы па спэцыяльнасьці былі мне проста нецікавыя. І я вырашыў, што калі нешта мяняць, то мяняць цяпер.

«Літоўскія словы вымаўляю пакуль невыразна»

Каб адчуваць сябе паўнавартасным чальцом грамадзтва, трэба ведаць літоўскую мову. Безь яе ў кожным разе будзеш пачувацца эмігрантам, бо першае слова ад іншага чалавека заўсёды на літоўскай мове. Але і безь літоўскай мовы можна пражыць. Я пакуль вымаўляю літоўскія словы невыразна.

Стасуюся тут зь літоўцамі і беларусамі. Беларусы наколькі мага адзін аднаму дапамагаюць, тым, хто быў вымушаны сюды пераехаць. Прапануюць працу, нават вопратку, калі ёсьць такая патрэба. І літоўцы дапамагаюць, і расейцы. Усе вельмі пераймаюцца нашай сытуацыяй. Тут кожны, нават цырульнік, пытаецца: — Беларус? О, як у вас там?

«Калі б я тады так не зрабіў, то пазьней шкадаваў бы»

Я не шкадую, што зрабіў тады так у сквэры. Абставіны тады склаліся так, што яны кожнага адэкватнага чалавека прымусілі б зрабіць тое самае. Калі б я так не адрэагаваў у той сытуацыі, то пазьней шкадаваў бы, мне было б складана з гэтым спаць. Цяпер жа складанасьці побытавыя — дзе жыць, як зарабляць. А іншыя складанасьці, калі б я так не зрабіў, былі б зусім іншага кшталту. Так і ў краіне.

У той дзень усё маё кіраўніцтва разумела, што адбываецца нейкая брыдота. Але ўсе казалі: «А што мы зробім. Мы ж працуем. Нам кажуць — мы робім». Усе ўсё разумеюць, але надалей гэта робяць і перакладаюць віну на кагосьці вышэйшага. А той начальнік перакладае на кагосьці яшчэ вышэйшага. Калі б кожны зразумеў, што ён асабіста адказны за тое, што робіць, тады б ня трэба было нікому выходзіць на вуліцу і нічога б гэтага не было.

«Героі тыя, хто тады прыйшлі ў сквэр, а мы былі на працы»

Нас пачалі маляваць, пачалася гераізацыя, але скажу шчыра, што ў нас не было нейкай актыўнай пазыцыі. Героі тыя, хто тады прыйшлі ў сквэр, а мы былі на працы. Гэта была нашая пасіўная пазыцыя. Мы рабілі ўсё магчымае, каб у гэтым ня ўдзельнічаць. Героямі сябе ня лічым. Героі — тыя два намаляваныя хлопцы, але да нас гэта ня мае дачыненьня.

«Ніколі ня думаў, што буду так ганарыцца, што я беларус»

Гэта ўжо іншая Беларусь. Памятаю Беларусь да 6 жніўня, калі нас затрымалі. Мы выйшлі з Акрэсьціна 16 жніўня і ехалі на машыне — гэта была ўжо зусім іншая краіна. Тады адбываўся найбольшы мітынг. Людзі ехалі са сьцягамі на машынах. Гэта быў іншы горад, мы нібыта прачнуліся ў іншым месцы.

Тое, што адбываецца, захапляе мяне. Я ніколі ня думаў, што буду так ганарыцца, што я беларус. Гэта зьявілася менавіта цяпер, як, напэўна, і ў большасьці. Кожная падзея, як першы жаночы марш праз 3 дні пасьля самых жорсткіх падзеяў, найбольшы марш — гэта штосьці кінэматаграфічнае. Ці як аб’ядналіся двары.

Што адбываецца на іншым баку? Там кожны разумее, што займаецца лухтой. Спальваюць уначы сьцягі, лёд калупаюць. Ім на 100% сорамна за тое, што яны робяць. МНСьнік, у якога досьвед і стаж, круты чалавек, а ён цяпер прыехаў у двор здымаць сьцяг, і ўвесь двор яму крычыць «Ганьба!». Гэта жудасна. Тым ня менш яны працягваюць гэта рабіць і перакладаць адказнасьць на кагосьці іншага.

«Беларусы ўбачылі адзін аднаго і навучыліся захапляцца блізкімі»

У пэўны момант усе ўбачылі адно аднаго і навучыліся захапляцца і ганарыцца сваімі блізкімі. Дзякуючы гэтаму кожны робіцца мацнейшым. Калі табою захапляюцца, то табе задалі ўзровень, і кожны робіць іншага мацнейшым. Гэта адбываецца цяпер у такіх маштабах, пра якія ніхто раней ня мог нават падумаць. Калі мы выйшлі з Акрэсьціна, там было столькі народу — валянтэраў, лекараў, простых людзей. Гэта ўсё людзі рабілі самі, прыехалі дапамагаць незнаёмым людзям. Нам таксама сабралі неймаверную суму грошай. Як мы тады і абяцалі, мы дапамагаем гэтымі грашыма іншым.

Я за ўсім, што адбываецца, назіраю і вельмі перажываю. Грэе тое, што ўсе ўбачылі адзін аднаго і навучыліся любіць адзін аднаго.

Чытайце таксама:

Дыджэй Сакалоўскі пра візіт у МУС: Ці я прашу прабачэння ў Барсукова, ці крымінальная справа за паклёп

Чаму справа Ягора Марціновіча выключна важная для ўсіх беларусаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?