У Брэсце раптоўна памёр 42-гадовы актывіст Раман Рашэцкі. У яго сям'і засталося чацвёра дзяцей.
Раман Рашэцкі ў цэнтры
«Што дакладна стала прычынай смерці, мы не ведаем. Учора ён быў дома. Жонка пайшла спаць, Рома выйшаў на балкон, дзе было месца для дзяцей: матрац ляжаў, цацкі. Ён прылёг — і ўсё, больш не прачнуўся», — расказаў «Нашай Ніве» блізкі сябар сям’і Данііл.
«Я бачыў цела Рамана: няма ніякіх слядоў збіцця. Але пасля смерці пасінелі губы і рукі — магчыма, прычынай стала сэрца. Але казаць штосьці дакладна можна будзе толькі пасля ўскрыцця», — кажа Данііл.
Рашэцкі далучыўся да грамадска-палітычнага руху за перамены ў 2020 годзе, падтрымаў Сяргея Ціханоўскага і яго праект «Краіна для жыцця».
Першы раз Рашэцкі быў затрыманы 30 жніўня пасля нядзельнага маршу ў Брэсце, атрымаў 15 сутак зняволення. Пасля вызвалення не атрымаў назад свой бел-чырвона-белы сцяг, патрабаваў ад міліцыі вярнуць яго, за што быў затрыманы паўторна.
Апошні раз Рашэцкага затрымлівалі ў мінулую нядзелю, праз тры дні ён выйшаў на свабоду, піша «Брэсцкая газета».
«Ён жа быў вельмі актыўным: выходзіў са сцягам, выказваў сваю палітычную пазіцыю. І апошнім часам не працаваў — не меў магчымасці, бо пастаянна давалі суткі, — кажа Данііл. — Акрамя таго, Рому выпісвалі і кучу штрафаў: я зараз гляджу квітанцыі, там штрафаў на 4 тысячы рублёў з капейкамі.
Рома не меў грошай аплачваць іх. Праз гэта пазаўчора да яго прыехалі апісваць маёмасць — лядоўню, тэлевізар, яшчэ нейкую побытавую тэхніку».
Рашэцкі раней працаваў рыелтарам у агенцтве нерухомасці. Апошні час не меў працы.
Вядома, што Раман быў калісьці судзімы за забойства. «Рома мне тлумачыў гэта: казаў, што прыйшлося ўзяць віну на сябе, каб не далі «групавое» і, адпаведна, большы тэрмін. Ён кляўся, што сам не ўдзельнічаў у забойстве. Але адсядзеў 14 гадоў. Выйшаў даўно, каля 10 гадоў таму», — кажа сябар.
У кватэры Рашэцкага ў Брэсце быў выстаўлены бел-чырвона-белы сцяг





