Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт, старшыня праўлення «Сбербанка России» Герман Грэф адкрылі ў Мінску святломузычны фантанны комплекс.

Фантан усталявалі на рацэ Свіслач у парку імя Янкі Купалы. Ён стаў падарункам беларускай сталіцы да Дня Незалежнасці ад «Сбербанка России».

Лукашэнка лічыць, што з адкрыццём гэтага ўнікальнага фантана гістарычная набярэжная Свіслачы заззяе новымі фарбамі, стане цэнтрам прыцягнення для моладзі, новай пляцоўкай для цікавых праектаў.

У сваю чаргу Герман Грэф заявіў, што фантан у Мінску ўнікальны: «Сбербанк России» раней не будаваў такія комплексы на вадзе. «Гэта адзіны такі фантан у свеце і па маштабах, і па месцазнаходжанні. Мы ніколі не рабілі фантан на вадзе: гэта было тэхналагічна складана, — падкрэсліў ён. — Вельмі хочацца, каб гэты знак шчырых адносін, любові расіян да беларусаў карыстаўся поспехам сярод моладзі, мінчукоў і цешыў усіх вас».

Першы мультымедыйны фантан за сродкі Ашчадбанка з'явіўся ў 2018 годзе ў Пецяргофе. Цяпер у Расіі працуюць некалькі падобных збудаванняў — у Саратаве, Пецяргофе, Яраслаўлі, Калінінградзе, Уладзіміры, Разані і Варонежы, паведамляе БелТА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0