Удзельнікамі конкурсу сёлета сталі фатографы больш чым з 140 краін свету, яны здымалі на смартфоны ад Apple.
Фотаздымак Глеба Драздова.
Фатограф Глеб Драздоў з Мінска заняў трэцяе месца ў катэгорыі Lifestyle. Перамагло фота, якое было зроблена ў пакоі яго дзядулі, які, на жаль, ужо памёр. Да фотаздымка хлопец дадаў наступны тэкст:
«Гэта былы пакой майго дзядулі ў іх з бабуляй доме ў Бабруйску. Ён памёр, і яна ўпрыгожыла пакой у памяць пра яго ў тыповым савецкім вясковым стылі, які лічыўся раскошай у яе бедным вясковым пасляваенным жыцці. Сёння ў нашых дамах няма такіх інтэр’ераў, і гэта такі музей таго часу: накрытыя падушкі, безліч дываноў, у тым ліку і на сценах, аскетызм, чысціня і парадак», — піша Глеб.
Глеба чакае падарунак ад iPhone Photography Awards. За першае месца ўдзельнікам выдаюць залаты злітак невялікага памеру, за другое і трэцяе — злітак з паладыю.
Першае і другое месца ў катэгорыі Lifestyle занялі фатографы з Кітая.
Пераможца ў катэгорыі Lifestyle — здымак кітайца Біаа Пэнга, на якім мужчына вудзіць рыбу ў возеры. Фота з сайта ippawards.com
Другое месца — праца Лені Енга, якая мае назву: «Вісець, каб высахнуць». Фота з сайта ippawards.com





