Праект велаінфраструктуры на Харужай узгоднены ў сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі, паведамляе rovar.info.
У беларускіх гарадах ужо ёсць падобныя велашляхі (у Брэсце, Наваполацку і іншых). Іх арганізацыя не патрабуе радыкальнай рэканструкцыі вуліцы і спрыяе хуткаму развіццю велаінфраструктуры. У сталіцы такі пілотны праект на праезнай частцы падрыхтаваны для вуліцы Харужай на ўчастку ад вуліцы Куйбышава да вуліцы Коласа.
Сама вуліца не магістральная. Перамяшчацца на веласіпедзе па тратуарах у гэтай частцы горада праблематычна з-за шматлікіх пешаходаў: побач буйны рынак і гандлёвыя цэнтры. Пэўныя нязручнасці выклікае і падземны пераход на скрыжаванні Харужай і Куйбышава.
Велашляхі прапануецца канструктыўна аддзяліць дэлініятарамі, а для дадатковай засцярогі абмежаваць хуткасць аўтамабіляў да 50 км/г. Акрамя таго, велапалосы прадугледжана вылучыць колерам, дзе яны перасякаюцца з праезнай часткай, а таксама ў зоне пунктаў прыпынку.
Рэалізацыя праекта залежыць ад рашэння кіраўніцтва горада.





