17 красавіка адміністрацыя адной са школ Магілёва паведаміла міліцыі, што двое вучняў прыйшлі на заняткі з ранкамі і гематомамі.
Родныя браты — васьмігадовы і дзевяцігадовы — патлумачылі, што напярэдадні іх жорстка збіў айчым.
32-гадовы магілёвец, да якога прыйшла міліцыя, прызнаўся: учора быў нападпітку і ўзяўся за выхаванне хлопчыкаў.
Аказалася, што дзеці не хацелі рабіць хатняе заданне. Абмеркаванне сітуацыі прывяло да таго, што ўрэшце мужчына перайшоў на крык. Тады дзеці кінулі кнігі і дэманстратыўна разышліся па пакоях.
Мужчына схапіў рэмень і адлупцаваў пасынкаў. Па словах хлопчыкаў, маці назірала за тым, што адбываецца, не ўмешваючыся ў выхаваўчы працэс.
Сям'я некалькі месяцаў таму была пастаўленая на ўлік сацыяльна-небяспечных. Да таго ж айчым ужо меў праблемы з законам — пра гэта сведчаць шматлікія судзімасці за крадзяжы і прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё алкагольных напояў у грамадскіх месцах.
Дзяцей забралі з сям'і. У адносінах айчыма заведзеная крымінальная справа за катаванні. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 3 гадоў.





