Сёння дзвюма гульнямі стартуе 25-ы чэмпіянат Беларусі па футболе. Напярэдадні сезона «НН» палічыла колькасць легіянераў у заяўках 14 каманд вышэйшай лігі. Атрымалася 60 чалавек.
Чарнагорац Фатас Бечырай з мінскага «Дынама» можа стаць адной з галоўных зорак чэмпіянату.
Амаль палова з іх украінцы. Цэлых 26 гульцоў прадстаўляюць нашу паўднёвую суседку. У складзе бабруйскай «Белшыны» заяўлена аж 7 украінцаў.
У васьмі футбалістаў расійскія пашпарты, але двое з іх наўрад ці будуць гуляць у сезоне, хіба што за дублюючыя склады. Яшчэ адзін – брамнік «Граніта» Ілля Гаўрылаў, толькі па пашпарце расеец, ён атрымаў грамадзянства, калі гуляў у маскоўскім «Лакаматыве». Гаўрылаў некалі быў загуляны за беларускую моладзевую зборную. Мабыць, праз нейкі час гэтая недарэчнасць будзе вырашана.
Таксама ў чэмпіянаце Беларусі будуць гуляць пяцёра сербаў, чатыры грузіны, па два чарнагорцы і таджыкі. Па аднаму гульцу прадстаўляюць Латвію, С’ера-Леонэ, Балгарыю, Каба-Вердэ, Арменію, Боснію, Эстонію, Літву, Польшчу, Нігерыю, Кот-д’Івуар, Камерун.
Ніводнага легіянера няма ў заяўцы брэсцкага «Дынама». Усяго адзін легіянер значыцца ў рэестры «Гомеля».
Глядзіце таксама: Беларуская федэрацыя футбола зняла беларускамоўны ролік да пачатку сезона