Польскі футбольны клуб адмовіўся ад збораў у Турцыі, каб не падстаўляць беларусаў

Польскі клуб «Заглембе» з другога дывізіёну, галоўным трэнерам якога нядаўна стаў беларус Аляксандр Хацкевіч, адмовіўся ад раней запланаваных збораў у Турцыі «з палітычных прычын». Кіраўніцтва клуба палічыла, што паездка ў Турцыю можа быць небяспечная для беларусаў і там яны могуць быць затрыманыя, паведамляе Most на падставе паведамленняў польскай прэсы.

23.01.2024 / 20:05

Акрамя Аляксандра Хацкевіча, у склад «Заглембле» з горад Сасновец у якасці спартыўнага дырэктара ўваходзіць іншы беларус — Міхаіл Залеўскі.

Старшыня праўлення «Заглембле» Аркадыюш Аляксандэр адзначыў, што кіраўніцтва асцерагаецца затрымання трэнерскага штаба на месцы правядзення збораў, і ў гэтым пытанні былі кансультацыі з польскай амбасадай.

Яшчэ адной прычынай, па якой клуб адмовіўся ад паездкі ў Турцыю, стаў фінансавы складнік. Новы акцыянер клуба Рафал Колінз даў зразумець, што паездка ў Турцыю фінансава абцяжарыць клуб, якому і так даводзіцца сачыць за кожнай капейкай, інвестуючы ў першую чаргу ў сваіх гульцоў.

Аляксандр Хацкевіч раней неаднаразова выказваўся супраць агрэсіі Расіі ва Украіне і гвалту ў Беларусі ў 2020 годзе.

Чытайце таксама:

Аляксандр Хацкевіч знайшоў новае месца працы

Хацкевіч пра смерць Бялькевіча: «Ён зваліўся ў яму, і я не здолеў яго выцягнуць: дэпрэсія, алкаголь»

«Галоўнае — інтэлект» і «лепш быць трэцім, чым другім». Хацкевічу — 50: гутарым пра футбол, жыццё і бульбу

Nashaniva.com