Нарвежская міністарка, якая змагалася са студэнцкім махлярствам, сама сплагіяціла сваю магістарку

Міністарка навукі і вышэйшай адукацыі Нарвегіі Сандра Борх 19 студзеня пайшла ў адстаўку пасля таго, як СМІ выявілі плагіят яе магістарскай працы па праве, абароненай у 2014 годзе ва Універсітэце Тромсё.

20.01.2024 / 18:08

Сандра Борх. Фота: Wikimedia Commons

Раней у той жа самы дзень нарвежскі вэб-сайт E24 апублікаваў шырокія вытрымкі, слова ў слова скапіяваныя Борх з дзвюх іншых магістарскіх дысертацый па заканадаўстве 2005 і 2009 гадоў.

«Калі я пісала магістарскую дысертацыю 10 гадоў таму, я зрабіла вялікую памылку (…) Я ўсведамляю, што не магу сумясціць гэта з адказнасцю за нарматыўную базу экзаменаў», — заявіла Борх на тэрмінова скліканай прэс-канферэнцыі.

Палітык прызнала, што ў яе працы можа быць больш запазычаных фрагментаў, і адмовілася адказваць на пытанні. Прэм'ер-міністр Нарвегіі Ёнас Гар Стэрэ абвясціў, што прымае яе адстаўку.

Цікава, што 35-гадовая Сандра Борх, якая раней займала пасаду міністаркі сельскай гаспадаркі, была вядомая сваёй жорсткай пазіцыяй супраць студэнцкага махлярства.

Чытайце таксама:

Паглядзіце, як выглядае турма Брэйвіка. Нарвежскі тэрарыст скардзіцца на ўмовы

Нарвегія дазволіла сваім кампаніям напрамую прадаваць узбраенне Украіне

Чароўныя краявіды, выпрабаванне бюракратыяй і словы, якія нагадваюць пра радзіму. Беларуска расказала пра досвед эміграцыі ў Нарвегію

Nashaniva.com