«Гаворкі пра сыход у падполле няма». Лідары палітычных партый агучылі свае планы

У лютым Лукашэнка падпісаў закон, які вымагае перарэгістрацыі палітычных партый. Апазыцыйныя палітыкі называюць яго «драконаўскім» і лічаць, што ён скіраваны на «зачыстку палітычнага поля» перад выбарамі. Як партыі будуць існаваць далей?

05.06.2023 / 16:47

Прадстаўнікі партый Уладзімір Шанцаў, Ігар Барысаў, Дзмітрый Кучук, Вадзім Саранчукоў. Фота: офіс Ціханоўскай

Сёлета ў лютым Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб змене законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў». Ён патрабуе ад палітычных партый перарэгістрацыі, на якую адводзілася шэсць месяцаў.

На прэс-канференцыі свае пазіцыі агучылі старшыня сацыял-дэмакратаў Ігар Барысаў, выканаўца абавязкаў старшыні БНФ Вадзім Саранчукоў, яго калега з Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў ды кіраўнік партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук.

На агульную думку апазыцыйных палітыкаў, змененае заканадаўства прывядзе да ліквідавання апазіцыйных партый. Яны адзначылі, што новы закон «Аб палітычных партыях» парушае канстытуцыйныя нормы.

Партыям давалася паўгода, каб унесці змены ў статут ды падаць у Мінюст звесткі аб 5 тысячах сябрах. Раней патрабавалася 1 тысяча. Акрамя таго, цяпер кожная партыя павінна мець арганізацыйныя структуры ва ўсіх абласцях і ў Мінску. Тэрмін падачы дакументаў заканчваецца сёння, 5 чэрвеня.

«У цяперашніх умовах апазіцыйнай партыі сабраць 5 тысяч чалавек зусім не рэальна, — даводзіў Уладзімір Шанцаў. — Мы не будзем падстаўляць людзей…»

Партыя АГП не падала дакументы на перарэгістрацыю.

«Усё гэта незаконна, — казаў Шанцаў. — У гэтым балагане мы не ўдзельнічаем».

Вадзім Саранчукоў (злева) і Уладзімер Шанцаў (справа). Скрын відэа з прэс-канференцыі

Партыя «Зялёныя» спрабуе перарэгістравацца, дакументы ўжо пададзеныя, але без спісаў сяброў.

«Адсутнічаюць гарантыі бяспекі і адсутнасці наступстваў, звязаных з сяброўствам нашых актывістаў у апазіцыйнай партыі», — гаварыў Дзмітрый Кучук.

Ігар Барысаў паведаміў, што БСДП таксама падала дакументы на перарэгістрацыі, але гэтак жа без спісу сябраў.

Палітык патлумачыў, што перарэгістрацыя — гэта фармальная працэдура, а за час існавання партыі яна «заўсёды выконвала ўсе патрабаванні закону».

Па яго словах, у пратаколе Цэнтральны камітэт партыі давёў чыноўнікам, што ў статут унесеныя не ўсе праўкі, якія цяпер патрабуе дзейнае заканадаўства.

Ігар Барысаў. Скрын відэа з прэс-канференцыі

Ігар Барысаў казаў, што прапановы ягонай партыі адносна змен партыйнага заканадаўства былі праігнараваныя. Спробы спраўдзіць, ці адпавядае яно Канстытуцыі, не далі плёну. Партыйцы дазналіся, што Канстытуцыйны суд не займаўся такой праверкай, а афіцыйна ім адпісалі, што яны не той суб’ект, які можа звяртацца ў Канстытуцыйны суд.

«Цяперашні закон можна назваць хіба толькі драконаўскім. Ён скіраваны на тое, каб зачысціць усё палітычнае поле», — даводзіў Ігар Барысаў.

Палітык лічыць, што ліквідаванне партый напярэдадні выбараў 2024 года ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы, задумалі, каб рэжым пазбег стрэсу, бо ў гэты перыяд апазіцыя мае доступ да дзяржаўных сродкаў масавых інфармацыі, удзельнічае ў тэледэбатах.

На яго погляд, новае партыйнае заканадаўства радыкалізуе палітычныя настроі ў грамадстве, бо яно не будзе мець легальнай магчымасці ўдзелу ў выбарах.

Дзмітрый Кучук. Скрын відэа з прэс-канференцыі

На прэс-канферэнцыі палітыкі заявілі, што партыі не збіраюцца самаліквідоўвацца, а працягнуць сваю працу.

«Гаворкі пра сыход у падполле няма», — адзначаў Вадзім Саранчукоў.

Ён даводзіў, што ліквідаваць партыі можа толькі сваім рашэннем Вярхоўны суд.

«Таму, я думаю, будзе рашэнне ўсіх арганізацый прадстаўляць сваю пазіцыю ў Вярхоўным судзе і даводзіць незаконнасць, неканстытуцыйнасць працэсаў, якія адбываюцца», — казаў палітык.

Паводле яго, партыйны актыў у замежжы будзе працаваць, каб беларускае пытанне не знікала з міжнароўнай палітычнай павесткі.

Уладзімір Шанцаў заявіў, што АГП будзе ствараць партыйныя суполкі за мяжою.

«Працэс пайшоў. Яны (рэжым. — НН) хочуць яго спыніць, але ў іх нічога не выйдзе», — запэўніваў палітык.

Дзмітрый Кучук казаў, што партыя «Зялёных» працягне дзейнасць незалежна ад таго, ці будзе яна перарэгістраваная.

«Будзем дзейнічаць у рамках таго статуту, які ёсць цяпер», — падкрэсліў ён.

Партыя збіраецца ўдзельнічаць у выбарах 2024 года.

Ігар Барысаў адзначаў, што востра «пытанне далейшага існавання партыі яшчэ не стаіць».

Паводле яго, «самая заўважная частка» яго партыі вымушаная была з'ехаць з Беларусі, а гэта блізу 10 працэнтаў колькаснага складу партыі.

Апазіцыйныя палітыкі не бачаць пагрозаў расколу ў сваіх шэрагах, хоць такая спробы робяць спецслужбамі Лукашэнкі.

«Рызрыў сувязяў паміж тымі хто знаходзіцца ў Беларусі і за мяжою інспіраваны звонку, і, разумеючы гэта, мы робім усё магчымае, каб гэтага разрыву пазбегнуць, — даводзіў Вадзім Саранчукоў. — Мы не падзяляем арганізацыю на тых, хто знаходзіцца за мяжою і тых хто ў доўгатэрміновай камандзіроўцы, часова вымушаныя пакінуць межы нашай краіны».

Уладзімір Шанцаў нядаўна выехаў з Беларусі. Палітык казаў, што ад яго спецслужбы патрабавалі, каб ён спыніў апазіцыйную працу.

Лідары партый прынялі рэзалюцыю, у якой заклікалі спыніць дзеянне закону «Аб палітычных партыях» у новай рэдакцыі, а Канстытуцыйны суд праверыць гэтую рэдакцыю на адпаведнасць Канстытуцыі і іншым заканадаўчым актам. 

Змены ў партыйным заканадаўстве ўлады тлумачылі неабходнасцю «ўдасканаленнем падыходаў да стварэння і дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх абʼяднанняў».

Цяпер у Беларусі існуе 15 партый. Прадстаўнікі рэжыму не хаваюць, што колькасць палітычных арганізацыяў скароціцца.

На перарэгістрацыю акрамя партыі «Зялёных», БСДП, падала партыя левых «Справядлівы свет». Сваю партыю стварае пралукашысцкая «Белая Русь». 

За тры гады рэпрэсій сотні партыйных актывістаў зазналі ціск. Цяпер за кратамі ўтрымліваюцца лідараў зарэгістраваных і незарэгістраваных палітычных партый: Мікалай Статкевіч, Мікалай Казлоў, Рыгор Кастусёў, Андрэй Дзмітрыеў, Павел Севярынец, Віктар Бабарыка.

Глядзіце таксама:

Латушка расказаў, як лукашэнкаўскія дэпутаты спрабавалі аспрэчыць санкцыі, уведзеныя супраць іх

Што здарылася з Канапацкай і калі яна пачала гуляць на баку Лукашэнкі?

«Калі мы аказаліся ў акопах па розныя бакі, то ўсё адно мусяць быць правілы». Лябедзька пра тое, чаму ўлады шантажуюць яго затрыманнем сына

Васіль Вашчыла