— Прычыны для пераезду былі сур’ёзныя? Доўга вагаліся, — заставацца ці не?

— Прычына ад’езду была вельмі простая — бяспека. Спачатку выехалі на адпачынак у Грузію, а пасля сябар запрасіў у госці ў Бельгію. Бачачы, што сітуацыя ў Беларусі толькі пагаршаецца, вырашылі застацца тут на некаторы перыяд.

— Чаму менавіта Бельгія?

— Бельгія для мяне краіна зразумелая. Я яе адкрыў для сябе яшчэ 30 гадоў таму, калі разам з іншымі беларускімі дзецьмі паехаў на аздараўленне. Пасля Чарнобыльскай катастрофы і распаду СССР шмат якія заходнія краіны бралі ў сем’і беларускіх дзяцей. Узялі і мяне, бо быў з забруджанай радыяцыяй Магілёўскай вобласці. З тых часоў я ледзь не кожны год наведваў гэтую краіну. У дзяцінстве нават тры тыдні хадзіў у бельгійскую школу. Таму французская мова для мяне не чужая. Цяпер толькі ўдасканальваю яе на курсах.

— Цяжка было прызвычаіцца да новай рэчаіснасці? Вы трохі ведалі французскую, а жонка, дзеці? Моўны бар’ер — штука даволі складаная…

— Рэчаіснасць заўсёды зазямляе. Адна справа, калі ты жывеш месяц у гасцях і ні за што не плаціш, і зусім іншая — калі пачынаеш самастойна за ўсё плаціць і вырашаць розныя бытавыя пытанні. Уся сям’я цяпер вучыць французскую. Для жонкі і дзяцей гэтая мова зусім новая, але на бытавым узроўні ўжо прысутнічае элементарнае разуменне, як што сказаць ці хто што кажа.

— У верасні ваша малодшая дачка пайшла ў першы клас бельгійскай школы, а старэйшая, калі не памыляюся, у Беларусі скончыла малодшую школу, і ёй давялося адаптавацца да новых парадкаў. Хто хваляваўся больш — бацькі ці дзеці?

— Так, малодшую мы вырашылі аддаць у школу ў Беларусі з сямі гадоў, але ў Бельгіі ўсе ідуць у школу з шасці, таму яна некалькі месяцаў пахадзіла для адаптацыі тут у садок, дзеці з якога пасля перайшлі ў першы клас.

Школа, дарэчы, унікальная. Выкладаюць па методыцы Мантэсоры. Адзіная такая бясплатная школа на ўсю Валонію. Кожны дзень бясплатныя супы, бо побач фірма, якая іх вырабляе і забяспечвае імі школу. Вучыцца чытаць, гуляе, ходзіць дадаткова на танцы, якія часткова аплаціла на год мясцовая камуна. У цэлым тут усё вельмі проста: калі няма грошай сабраць дзіця ў школу, то школа дапаможа гэта зрабіць, у тым ліку аплаціць калектыўныя школьныя паездкі. Мы пра гэта не ведалі, таму самастойна сабралі дачку, аднак па коштах усё аказалася значна танней, чым у Беларусі.

Старэйшая таксама пайшла ў тутэйшую школу — у шосты клас. Апошнія дзве чвэрці ў Беларусі вучылася ў прыватнай школе анлайн, але вельмі стамілася ад такога навучання, бо дзіцяці патрэбныя зносіны з аднагодкамі. Цяпер вучыцца, адаптуецца пакрысе. Нягледзячы на французскую мову навучання, паказвае добрыя вынікі. Калі па матэматыцы рашыла ўсе 10 зададзеных задач правільна, то пляскаў у ладкі ўвесь клас, а калі напісала тэст па французскай мове, то аказалася, што зрабіла гэта лепей, чым усе ў класе, на што настаўнік звярнуў увагу і сказаў, што Яліна толькі прыйшла ў школу, толькі пачала вучыцца па-французску, але напісала тэст лепш, чым усе прысутныя. Таму, спадзяюся, французская мова для абедзвюх дачок будзе дадатковым навыкам.

Нягледзячы на гэта, мы ўсё роўна чытаем і пішам па-беларуску і па-руску, вучым беларускую школьную праграму, каб не выпадаць з кантэксту.

Адносна адаптацыі дзяцей дужа не хваляваліся — на гэта проста не было часу, хоць засцярогі і былі наконт таго, як будзе адбывацца навучанне.

— А што з жыллём?

— Жывём у маленькім доме, які арандуем. Калі заканчвалася віза, то ўжо пачалі вывозіць рэчы ў Вільню, бо планавалі туды перабрацца, там усё ж такі таксама роднае месца, аднак спыніліся, калі пабачылі кошты на тамтэйшую арэнду. Аказалася, што ў Бельгіі арэнда дома была таннейшай, чым за трохпакаёўку у Вільні. Мы паразважалі і прынялі рашэнне пакуль пабыць тут, бо ўсё ж такі тут ёсць сям’я сяброў, якая неверагодна дапамагла наладзіць быт і адаптавацца.

— Што для вас было самым складаным пасля пераезду?

— Прыняць новую рэальнасць і знайсці беларускае атачэнне. Цяпер наладзілі стасункі з беларускай дыяспарай Бельгіі. Сустракаемся, плануем сумесныя мерапрыемствы. Гэта моцна дапамагае не забываць, хто ты, вакол цябе ёсць людзі, якім нічога не трэба тлумачыць пра беларускую рэальнасць.

Другое — гэта бельгійская бюракратыя. Яе немагчыма перамагчы. Плюс яна працуе ў такім ашчадным лайтовым рэжыме, што твае пытанні могуць вырашацца месяцамі. Пра кампетэнцыю асобных чыноўнікаў проста маўчу.

— Як, дарэчы, у Бельгіі ставяцца да эмігрантаў з Беларусі?

— Бельгія шматнацыянальная краіна. Штогод прымае каля 35 тысяч мігрантаў. Беларусы ў ёй статыстычная памылка. У 2020 годзе ўсяго ў Бельгіі было 4 тысячы беларусаў. Знешне мы мала чым адрозніваемся ад бельгійцаў, прынамсі да таго моманту, пакуль з табой не пачнуць размаўляць па-французску. Але калі і пачуюць акцэнт, то ўсё роўна будуць ставіцца добра, бо ў краіне тры дзяржаўныя мовы, і, як правіла, не ўсе іх дасканала ведаюць. У мяне часта запытваюць: мо ты фламон (жыхар галандскамоўнай часткі Бельгіі)? З гэтай пазіцыі двухмоўе (беларуская і руская) у Беларусі ў жыцці не можа быць практычна рэалізаванае — на адной прасторы можа існаваць толькі адна мова. Таму альбо беларуская дзяржаўная, альбо руская будзе назаўсёды…

— Бельгія — зусім не танная краіна. Як вырашаеце фінансавае пытанне? Вы з жонкай знайшлі працу ў Бельгіі?

— Працую, як і раней, у беларускай рэчаіснасці. Складана, канечне, але гэтага хапае, каб звесці канцы з канцамі. Жонка, калі атрымліваецца, падпрацоўвае ў краме кветак.

— Цяжка было атрымаць дазвол на працу?

— Дазвол дае мясцовая камуна. Нам яго далі адразу, як зарэгістраваліся па сваім уласным адрасе. Дасведчаныя людзі сказалі, што гэта чыноўнікі так памыліліся, але ж бюракратыя не можа памыляцца, хоць праколваецца раз за разам. Але яны гэта робяць так спакойна і мерна, што нават не знаходзіш часу на іх крыўдаваць.

— На ваш погляд, дзе таннейшы прадуктовы кошык — у Бельгіі ці ў Беларусі?

— Мы ўжо ацанілі! Калі сачыць за зніжкамі ў прадуктовых крамах і ведаць, што набываць, то сям’я з чатырох чалавек можа месяц пражыць на 400 еўра. Небывалая раскоша для Мінска.

Шмат якія прадукты каштуюць альбо столькі, колькі ў Беларусі, альбо значна танней. Да прыкладу, кіло бульбы фры каштуе 70 цэнтаў, булка хлеба — 1 еўра, 1 літр малака — 70 цэнтаў, 200 грамаў масла сметанковага — 2 еўра, кіло свіной выразкі па зніжцы — 5,5 еўра, пачак смачных мясных бургераў (10 штук) можна набыць за 4 еўра, таматы — 2 еўра за кілаграм. Банка піва — ад 20 цэнтаў, 3 літры віна — 10 еўра, пачак цыгарэт — 8 еўра мінімум, літр 95-га бензіну — 1,55 еўра. Апошнія пазіцыі для паўнаты карціны. Таму калі б не арэнда і камунальныя, то жыць можна.

Калі атрымалі першы квіток за ваду у 70 еўра за месяц, то я пачаў добрым словам згадваць Мінскі гарвадаканал з яго цэнамі.

Нам, беларусам, складана зразумець, як жыць нармальна, бо мы ўвесь час толькі і робім, што спрабуем закрываць аператыўныя выдаткі, а лішкаў у нас з заробкаў фактычна няма. Тут жа гэтыя лішкі ёсць. Сярэдні заробак на сям’ю, калі працуюць двое, складае каля 5 тысяч еўра на рукі. Тут, канечне, шмат розных страховак і дадатковых плацяжоў, аднак, нават, калі пакрыць іх, у сям’і застаюцца сродкі, якія можна выкарыстоўваць як хочаш, не думаючы, як выжыць. Мая мара, каб у беларусаў з’явілася нарэшце такая магчымасць. Плюс у Бельгіі дзяржава на кожнае дзіця да 18 гадоў выдае каля 150 еўра штомесяц. Таму сабраць дзяцей у школу ці даць ім з сабой абед — не праблема.

— Хто ў вашу адсутнасць кіруе партыяй? І ўвогуле, што з партыяй? Хтосьці з кіраўніцтва БСДП застаўся ў Беларусі, нехта займаецца партыйнымі справамі?

— У мяне ёсць пяць намеснікаў. Першы намеснік — Аляксей Сігаеў. Ён вырашае ўсе аператыўныя пытанні. Партыя функцыянуе. Працуюць сем офісаў. Хоць за межы офісаў выйсці фактычна не можам. Я таксама не сяджу на месцы — удзельнічаю ў розных міжнародных сустрэчах.

— Наколькі мне вядома, некаторыя сябры БСДП таксама цяпер знаходзяцца ў эміграцыі…

— Нягледзячы на тое, што частка сябраў прэзідыума і ЦК не толькі за мяжой, але і ў турмах, партыя ў Беларусі захоўвае магчымасць арганізаваць кворум пры прыняцці рашэнняў па розных пытаннях і арганізаваць усе статутныя мерапрыемствы ў адпаведнасці са статутам.

— Ці рыхтуецца БСДП да парламенцкіх і мясцовых выбараў?

— Калі нас не ліквідуюць як партыю. Некаторыя гарачыя галовы з лагера работнікаў парламента і міністэрстваў анансуюць прыняцце новага закона «Аб палітычных партыях», які нібыта паставіць крыж на дэмакратычнай апазіцыі. Гэта такая недальнабачная палітыка! Гэта не пра ўстойлівасць палітычнай сістэмы. Мы заўсёды ўдзельнічалі ў выбарах, нягледзячы на тое, што разумелі, як яны выглядаюць у Беларусі. Тым не менш — што такое партыя без удзелу ў выбарах?

— Сёння мала хто з вядомых апазіцыйных палітыкаў застаўся ў Беларусі. Як вы лічыце, перамен можна дамагчыся дыстанцыйным шляхам?

— Усе змены прыйдуць з Беларусі. Дыстанцыйна можна фармаваць вобраз будучай Беларусі, пазітыўны парадак дня і прадстаўляць інтарэсы дэмакратычнай супольнасці ў заходніх інстытуцыях, але не болей за тое. У дыяспары няма галоўнага — яна не можа з-за мяжы балатавацца ў парламент ці мясцовыя саветы. Усё гэта зводзіць яе ролю да нацыянальна-культурнай супольнасці. Калі яе яшчэ па лідарах і партыях адсеяць, то цэласнасці ніколі не будзе.

— Па новым беларускім заканадаўстве тыя, хто больш за месяц знаходзіцца з мяжой, аплачваюць камуналку па поўным кошце. Вам ужо дасылалі новыя жыроўкі ці ў вас не засталося нерухомасці ў Беларусі?

— Дык калі святлом ды вадой ніхто не карыстаецца, то і няма за што плаціць. Іншая справа, што калі там нехта жыве. Пакуль плачу ў звыклым рэжыме.

— Сёння ў Беларусі амаль усе абмяркоўваюць тэму ядзернай вайны. Ці ёсць такія трывожныя размовы ў Бельгіі?

— Магчыма, у Бруселі пра гэта на палітычным узроўні думаюць, а за межамі Бруселя, асабліва ў Валоніі, думаюць пра высокія кошты на электрычнасць, ваду і газ. Ёсць чаканне, што сітуацыя вырашыцца не на карысць Расіі, Украіна пераможа і ўкраінцы вернуцца дамоў, бо ў бельгійскім грамадстве адчуваецца стомленасць ад ўсяго гэтага. Але ўскосна тут кожны дом мае падвал. Мне на ўсялякі выпадак паказалі, дзе будзем хавацца ад ядзернага ўдару, ала, калі шчыра, тут ва ўсіх бясконцая фіеста, і народ проста хоча дыстанцыравацца ад ўсяго гэтага фону.

— Ігар, а вы ўвогуле плануеце вярнуцца ў Мінск?

— Першым рэйсам, як толькі палітычная сітуацыя стабілізуецца, спыніцца махавік рэпрэсій і будзе гарантаваная бяспека мне і маёй сям’і, бо Беларусь перадусім!

Клас
40
Панылы сорам
4
Ха-ха
8
Ого
7
Сумна
7
Абуральна
14

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?