Крэмль зноў стаў страшыць Еўропу наступствамі перадачы Украіне боепрыпасаў са збедненым уранам. Але еўрапейцы спакойныя

У бок Еўропы рухаецца радыеактыўнае воблака, якое з'явілася ў выніку знішчэння Расіяй на тэрыторыі Хмяльніцкай і Цярнопальскіх абласцей Украіны боепрыпасаў са збедненым уранам, пастаўленых Захадам, заявіў на сённяшняй нарадзе ў Сыктыўкары сакратар Рады бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў.

19.05.2023 / 22:18

Мікалай Патрушаў

«ЗША Украіне таксама «дапамаглі» — націснулі на сваіх сатэлітаў і паставілі боепрыпасы са збедненым уранам. Іх знішчэнне прывяло да таго, што радыеактыўнае воблака накіравалася ў бок Заходняй Еўропы. І ў Польшчы ўжо зафіксаваны рост радыяцыі», — публічна бедаваў высокапастаўлены расійскі сілавік.

Між тым польскі бок нічога такога на сваёй тэрыторыі не заўважыў. Радыяцыйная сітуацыя ў Польшчы застаецца, паводле польскіх спецыялістаў, у норме.

«У цяперашні час на тэрыторыі Польшчы няма пагрозы здароўю і жыццю людзей, а таксама навакольнаму асяроддзю. Польскае атамнае агенцтва не зафіксавала ніякіх трывожных паказанняў вымяральнай апаратуры», — гаворыцца ў паведамленні гэтага агенцтва.

Таксама польскія адмыслоўцы заклікаюць сцерагчыся дэзынфармацыі пра нібыта рост радыяцыі.

Інфармацыю пра «радыяцыю з Украіны» спрабавалі распаўсюдзіць і ў Славакіі, але мясцовыя ўлады таксама запэўнілі, што

«радыяцыйная сітуацыя на тэрыторыі Рэспублікі стандартная, ніякіх адхіленняў ад штодня вымяраных звестак не зафіксавана».

Чытайце таксама:

Крэмль абураны пастаўкамі Украіне снарадаў са збедненым уранам. Але такія боепрыпасы ёсць і ў Расіі. Што ж хвалюе Маскву?

Брытанія перадасць Украіне бранябойныя боепрыпасы са збедненым уранам

«Навошта?» Прапагандысты прызналіся, што стаміліся апраўдваць размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі

Nashaniva.com