З Лукомскай ДРЭС масава звальняюць асуджаных па палітычных адміністратыўках

Намесніца дырэктара філіяла «Віцебскія энергетычныя сеткі» РУП «Віцебскэнерга» па ідэалагічнай і сацыяльнай рабоце Вольга Гарбадзей, адкрыта паведаміла ў навіннай праграме «Віцебскі веснік», што з работнікамі, якіх асудзілі да арыштаў або штрафаў за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і за «несанкцыянаванае пікетаванне», «працоўныя адносіны спыненыя», піша «Віцебская вясна».

13.05.2023 / 19:36

Ідэолаг «Віцебскіх электрычных сетак» Вольга Гарбадзей

Ідэолаг заявіла, што «звальненне гэтай катэгорыі працаўнікоў істотнага ўплыву на працоўны працэс не мае», бо, маўляў, на ДРЭС і без іх хапае кваліфікаваных кадраў для забеспячэння бесперабойнага вытворчага працэсу. Праўда, ніякіх лічбаў не прывяла.

Між тых колькасць звольненых на прадпрыемстве, сцвярджае «Віцебская вясна», ідзе ўжо на дзясяткі, а некаторыя работнікі Лукомскай ДРЭС сцвярджаюць нібыта, што нават на сотні. Некаторым работнікам прапануюць напісаць заяву «па ўласным жаданні», палохаючы кепскімі наступствамі ў выпадку нязгоды

З апошняга вядома прынамсі пра 5 судоў над працаўнікамі ДРЭС, затрыманымі ў мінулым месяцы. За так званы «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» траім затрыманым прысудзілі па 20 сутак арышту. Адзін з іх асуджаны за фотаздымак, які калісьці пераслаў сваёй дзяўчыне, цяпер ужо жонцы. Здымак быў з «экстрэмісцкага» рэсурсу, а на ім — выява стала і лаўкі ў белым і чырвоным колерах з Пагоняй.

Яшчэ двое асуджаных мусяць сплаціць штрафы памерам у 1110 і 2590 рублёў.

Пад увагу сілавых структураў трапляюць у апошнія месяцы ў Новалукомлі не толькі супрацоўнікі ДРЭС: напрыклад, 20 сутак арышту прысудзілі хірургу Сяргею Нарэйку. Не выключана, што ён таксама страціць працу, нягледзячы на тое, што медычных кадраў у Чашніцкім раёне востра бракуе. На 15 сутак быў асуджаны і пастар Царквы Хрысціян Веры Евангельскай Аляксандр Зарэцкі.

Чытайце таксама:

Міністр культуры: Здраднікам не месца на сцэне

Прызначылі дату суда па справе Яўгена Лівянта

Віктара Бабарыку маглі перавесці ў бальніцу мінскага СІЗА — што гэта кажа пра яго здароўе?

25 мая пачнуць судзіць 21-гадовага Дзмітрыя Гудзеева — яго абвінавачваюць па «тэрарыстычным» артыкуле

Nashaniva.com