Прапагандысты знайшлі замену Дню святога Валянціна

У эфіры тэлеканала СТБ зноў накінуліся на Дзень святога Валянціна і Хэлоўін.

01.05.2023 / 20:47

Вядучая СТБ Алена Сырова. Скрын відэа СТБ

Вядучы Кірыл Казакоў пераконваў у студыі, што заходнія святы — чысты маркетынг.

«Тут жа няма нейкай ідэалагічнай падаплёкі — проста больш прадаць тавару. Больш сэрцайкаў у гэты дзень, больш руж. Ці нейкія карнавальныя касцюмы і гарбузы. Але, я дакладна ведаю, на ўзроўні некаторых адміністрацый забараняецца наогул у школах святкаваць. Між тым, ты прыходзіш у кавярню — усё ў сэрцайках. У школе сэрцайкаў няма, а тут сэрцайкі», — абураўся ён.

Іншая вядучая Алена Сырава выказала думку, што трэба Дзень святога Валянціна і Хэлоўін не забараніць, а даць сваю альтэрнатыву.

«Каб пры іншых роўных выбіралі наша», — падкрэсліла яна.

Псіхолаг Анжаліка Сафонава тут жа знайшла замену.

«Чаму мы святкуем Дзень святога Валянціна, але не святкуем Дзень святога Пятра і Фяўронні 8 ліпеня?» — задаецца яна пытаннем. 

Скрын відэа СТБ

І заклікае папулярызаваць гэта свята, «кінуць усе рэсурсы», каб яно было нічым не горшым.

Жыццё святых Пятра і Феўронні ў праваслаўнай царкве лічыцца прыкладам сям'і і кахання.

Гэта ўжо не першы раз, калі чыноўнікі і прапаганда спрабуюць забараніць Дзень усіх закаханых.Так, сёлета ў БДУ на 14 лютага прапанавалі замяніць рамантыку мерапрыемствамі, прымеркаванымі да любові да Радзімы.

Чытайце таксама:

У БДУ забаранілі святкаваць Дзень святога Валянціна

«Агідная інсталяцыя з чэрапам ліквідаваная». Лукашысты пачалі змаганне з Хэлоўінам

Nashaniva.com