У Беларусі сталі больш выяўляць фальшывых даляраў, але менш еўра. Аднак падрабляюць нават манеты

Больш за 84% з усіх выяўленых у Беларусі фальшывых грошай у мінулым годзе склалі даляры, вынікае са статыстыкі Нацбанка.

30.03.2023 / 10:31

«Банкаўскімі работнікамі было выяўлена 894 падробленых грашовыя знакі, з якіх 891 — банкноты, 3 — манеты», — гаворыцца ў аглядзе рэгулятара. Тры манеты, згаданыя Нацбанкам, — гэта наміналы 2 еўра.

Самая папулярная банкнота ў фальшываманетчыкаў — 100 даляраў. Такіх выяўлены 582 штукі (у 2021-м было 293).

Некаторыя амерыканскія банкноты былі частковымі падробкамі. Гэта азначае, што грашовыя знакі першапачаткова сапраўдныя, але, да прыкладу, з 10 даляраў робяць 100.

Разам з тым на фоне росту фальшывых даляраў банкі сталі выяўляць менш падробленых еўра і расійскіх рублёў. Апошніх у 2021 годзе было 294, а ў мінулым — толькі 76. Гэта можа быць ускосным сведчаннем зніжэння абароту наяўнай расійскай валюты ў абменніках на фоне нявыгадных курсаў.

Асноўная доля падробак расійскіх рублёў, як і раней, — гэта купюры ў пяць тысяч рублёў (60,5%).

Што тычыцца еўра, то выяўляліся падробкі банкнот усіх наміналаў акрамя 5. Самыя папулярныя — 50 і 100 еўра (40%). Усяго ў 2021 годзе выявілі 69 фальшывых еўра, а ў мінулым — 50.

Фальшывых беларускіх рублёў стала больш. У 2021 годзе было выяўлена пяць падробак, а ў 2022-м — ужо 12 штук. Часцей за ўсё ў мінулым годзе сустракаліся банкноты ў 50 рублёў. Многія падробкі, калі казаць аб усіх валютах, выкананы з выкарыстаннем паліграфічных тэхналогій, але ёсць і такія выпадкі, калі быў выкарыстаны прынтэр.

Мінскі фальшываманетчык выдаваў сербскія дынары і зімбабвійскія даляры за еўра ФОТЫ

Беларусам пры куплянні сталі часцей навязваць дадатковыя паслугі

Дзяржкантроль прыпыніў працу мінскай сеткі крам нізкіх цэн

Nashaniva.com