Вуліцу Бучы назавуць іменем беларуса-добраахвотніка

Узнагародзіць ваяра-каліновеца Іллю «Літвіна» Хрэнава пастанавіла гарадская рада Бучы. Добраахвотнік загінуў, баронячы гэты заходні прыгарад Кіева. 

28.03.2023 / 10:05

Узнагарода Ілля «Літвін» Хрэнаў. Фота: фонд «Вільна Білорусь»

Ілля «Літвін» Хрэнаў абараняў незалежнасць Украіны ў 2014 годзе, а ў 2022-м вярнуўся на фронт. Ëн загінуў пад Бучай 4 сакавіка 2022 года.

Ільля «Літвін» Хрэнаў. Фота: сацыяльныя сеткі via «Радыё Свабода»

Медаль прывёз у Львоў 24 сакавіка на адкрыццё фотавыставы «З Украінай у сэрцы» прадстаўнік адміністрацыі Бучы. Экспазіцыю, прысвечаную беларусам, якія загінулі, баронячы Украіну ад расійскай агрэсіі, разгарнуў фонд «Вільна Біларусь». Узнагароду Хрэніна перададуць яго жонцы, кажа кіраўнік фонду Аляксей Францкевіч.

Вуліца, якую назавуць імем беларускага добраахвотніка. Справа Аляксей Францкевіч. Фота: фонд «Вільна Білорусь»

Летась у верасні гарадская рада Бучы ўзнагародзіла ваяроў Палка Каліноўскага медалём «За абарону Бучы». Узнагароду атрымалі камандзір палка Дзяніс «Кіт», Аляксей «Псіхолаг» і, пасмяротна, Ілля «Літвін».

Напярэдадні гадавіны смерці каліноўца фонд «Вільна Біларусь» звярнуўся ў бучанскую адміністрацыю, каб тая назвала адну з вуліц горада імем беларускага добраахвотніка. На гарадской сесіі ініцыятыва была падтрыманая, але канчатковае рашэнне пакуль не прынятае. У праекце пастановы аб пераназванні вуліц гораду імя Хрэніна згаданае.

На вуліцы, у назве якой будзе ўвекавечанае імя «Літвіна», ён загінуў.

Мэр Бучы падпісвае беларускі сцяг для музея Вольнай Беларусі. Фота: фонд «Вільна Білорусь»

27 сакавіка Аляксей Францкевіч сустракаўся з мэрам Бучы Анатолем Федаруком, які для музею «Вільна Білорусь» падпісаў бел-чырвона-белы сцяг.

«Мэру перадалі майку, у якой хадзіў «Літвін», а таксама пагутарылі з бучанскай вартай, якая першай дала расійскім захопнікам бой на подступах да горада. Нам паказалі вуліцу, якую назавуць у гонар беларуса», — расказвае Аляксей Францкевіч.

Могілкі ў Бучы. Фота: фонд «Вільна Білорусь»

Па яго словах, Буча цяпер вялікая будаўнічая пляцоўка. Паўсюдна ідуць аднаўленчыя працы.

31 сакавіка горад адзначыць першую гадавіну вызвалення ад расійскай акупацыі. У царкве разгорнутая выстава, на якой экспануюцца фотаздымкі наступстваў уварвання.

«На іх забітыя жыхары Бучы, некаторыя закатаваныя, са звязанымі рукамі», — кажа Аляксей Францкевіч.

Буча — горад у Кіеўскай вобласці. Да вайны ў ім жыло больш за 35 тысяч чалавек. Перадавая калона расіян увайшла ў горад уначы з 27 на 28 лютага. Расіяне адступілі з горада 31 сакавіка 2022 года.

Па вызваленні былі выяўленыя шматлікія трупы жыхароў з прыкметамі катаванняў. У 90% загінулых выяўленыя кулявыя, а не аскепкавыя раненні. 

Чытайце таксама:

«Расейцы, як у Другую сусветную, трупамі ваююць». Дзяніс Урбановіч зноў едзе на фронт

«Мы дакладна разумелі, што не выжывем». Беларускі добраахвотнік Дзяніс «Кіт» расказаў пра пекла пад Бучай

«Калі выносілі параненых, прыляцеў другі снарад». Гісторыя каліноўца, які страціў нагу на вайне

Nashaniva.com